У чым сакрэт высокага рэйтынга Пуціна?


Усенародная любоў, якой можа пазайздросціць нават Лукашэнка. Рэйтынг Пуціна ў лістападзе паўтарыў рэкорд 2008-га года: ажно 86 % расейцаў ухваляе дзейнасць свайго прэзідэнта. Прынамсі гэтак вынікае з дадзеных апытання, зладжанага сацыёлагамі з «Левада-цэнтру».

Да рэкордных за апошнія 16 гадоў знізілася і колькасць незадаволеных Пуціным – іх усяго 14 %. Сярод палітыкаў нашыя ўсходнія суседзі давяраюць найперш зноўку ж Пуціну – 59 %. Амаль столькі ж лічыць, што Расея рухаецца ў слушным кірунку. Агулам сацыёлагі апыталі 1600 чалавек з 137-мі паселішчаў краіны з 18-га па 21-га лістапада. Статыстычная памылка не перавышае 3,4 %, сцвярджаюць у «Левада-цэнтры».

Палітолаг Анастасія Сяргеева з асацыяцыі «За свободную Россию» адзначыла, што ў моцна аўтарытарных рэжымах людзі, адказваючы на пытанні, кажуць не так, як думаюць, а падбіраюць адказ, які ад іх могуць чакаць.

«Па-другое, сам рэйтынг жыве сам па сабе па вялікім рахунку і сам сябе падмацоўвае, бо, калі людзі ведаюць, што Пуціна трэба любіць і яго любяць 86 %, то ніхто не хоча аказацца ў меншасці, бо гэтая меншасць нямодная, убогая і няправільная. Адпаведна, трэба быць там, дзе ўсе. Таму яны адказваюць, што яны давяраюць», – адзначыла палітолаг.

Паводле яе, ёсць яшчэ трэці момант. Якасныя апытанні перад выбарамі ў Дзяржаўную Думу паказалі, што жыхары Расеі не давяраюць амаль нікому – ні ўраду, ні мясцовым уладам, ні таму, што адбываецца навокал. Адзінае стабільнае для іх – гэта асоба Уладзіміра Пуціна.

«Людзі бачаць, што Пуцін – гэта такая апошняя надзея, апошняе апірышча стабільнасці, бо калі не будзе Пуціна, то ўсе рухне. І яны чапляюцца за яго. Калі яны перастануць за яго чапляцца – то куды дзявацца. Далей трэба рабіць нешта самім, а яны ўсё ж чакаюць, што нехта за іх вырашыць іхныя праблемы», – падкрэсліла спадарыня Сяргеева.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu