У Бразіліі праходзіць фестываль гікаў «Campus Party»


Вечарынка для вундэркіндаў: у бразільскім Сан-Паўлу праходзіць найбуйнейшы ў Лацінскай Амерыцы гік-фестываль «Campus Party». Паводле арганізатараў, за пяць дзён яго наведаюць 90 000 чалавек.

Тысячы вундэркіндаў і тэхнагеніяў сабраліся ў Сан-Паўлу, каб абмеркаваць апошнія навінкі ў IT. Цягам пяці дзён праграмісты з розных краінаў Лацінскай Амерыкі возьмуць удзел у лекцыях, кінапраглядах і майстар-класах.

«Мы лучым моладзь: калі я кажу моладзь, я маю на ўвазе людзей ад 18-ці да 90 гадоў, якія хочуць зрабіць нешта для сваёй краіны, змяніць эканоміку і грамадства, у якім мы жывем», – кажа генеральны дырэктар Тоніка Наваэс.

«Campus Party» – гэта таксама выдатная магчымасць пазнаёміцца ўжывую, знайсці каманду для свайго стартапу або проста абмяняцца ідэямі, якімі, як правіла, маладыя геніі дзеляцца толькі ў сацыяльных сетках.

«Тут мы жывем у іншым сусвеце – сусвеце тэхналогіі ды інфармацыі. Цяпер кожнаму чалавеку важна штодня быць падлучаным да інтэрнэту, быць на сувязі, і гэтая падзея цалкам змяніла маё жыццё», – кажа ўдзельніца «Campus Party» Жакелінэ Абрааў.

Сёлетняй разынкаю імпрэзы станецца «Вялікі Хакатон» – марафон IT-інавацыяў, які будзе доўжыцца сто гадзінаў. За гэты час удзельнікі запрапануюць тэхнічныя рашэнні на падтрыманне глабальнае стабільнасці: аховы прыроды, барацьбы з беднасцю, павышэння ўзроўню жыцця людзей ува ўсім свеце. Адным са спонсараў марафону выступіла Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў.

«Гэтыя веды мне могуць вельмі прыдацца, я працую ў сферы адукацыі ды магу выкарыстаць такую тэхналогію ў сваёй сферы», – кажа ўдзельнік «Campus Party» Хаары Сантас.

«Campus Party» існуе ўжо 20 гадоў, спачатку гэта была невялікая імпрэза для аматараў інтэрнэт-тэхналогіяў, але з цягам часу менавіта яна стала задаваць тон дысцыплінам кшталту робататэхнікі і сферы праграмнага забеспячэння. У Еўропе такія сустрэчы ладзяцца штогод у іспанскай Валенсіі.

НХ belsat.eu