У Алепа сірыйская армія выкарыстала хімічную зброю


Прынамсі 9 загінулых ды больш за 200 атручаных. Цягам заключнага месяца бітвы за Алепа сірыйскія ўрадавыя сілы планамерна ўжывалі таксічныя хімікаты ў кантраляваных апазіцыяй раёнах гораду да мірнага насельніцтва. Адпаведную справаздачу прадставіла міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch».

«Сірыйскія ўрадавыя верталёты неаднаразова раскідвалі хлоравыя бомбы цягам апошніх некалькіх тыдняў наступу на Алепа. У лістападзе і снежні мы зафіксавалі як мінімум восем такіх выпадкаў. І калі я кажу пра дакументальна пацверджаныя напады, то маю на ўвазе, што мы ўзялі інтэрвʼю ў 22 асобаў, прааналізавалі відэазапісы, фотаздымкі з месцаў падзеяў», – кажа намеснік дырэктара ў надзвычайных сітуацыях «Human Rights Watch».

У выніку хімічнай атакі загінулі як мінімум 9 асобаў, у тым ліку чацвёра дзяцей. Яшчэ каля 200 чалавек атрымалі раненні. Што ж да хаўрусніка Башара аль Асада, то Расея дагэтуль падтрымлівае ўсе рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, якія заклікаюць Сірыю далучыцца да Канвенцыі ў невыкарыстанні хімічнай зброі. Наўпроставага ж сведчання таго, што хімічную зброю ў Сірыі выкарыстоўвала і Расея няма, аднак…

«Разам з тым Расея – і неадʼемная частка ваеннага наступу на Алепа. Таму для таго, каб выключыць саўдзел у гэтых злачынствах, Расея мусіць падтрымаць рэзалюцыю аб увядзенні санкцыяў супраць сірыйскіх урадавых службовых асобаў, адказных за хімічны напад», – кажа намеснік дырэктара ў надзвычайных сітуацыях «Human Rights Watch».

Пра хімічныя атакі на Алепа распавялі і самыя жыхары гораду

«Мой дом стаіць непадалёк ад таго месца, дзе адбыўся выбух. Калі мы выйшлі ўначы на вуліцу, каб паглядзець, што здарылася, раптоўна пачалося ўдушша. Гэта быў хлор, і мы кінуліся ратаваць дзяцей, якія засталіся ўдому».

У той час, як у шматпакутніцкі Алепа нарэшце ўсталяваўся мір, у іншым сірыйскім горадзе Эль-Баб, які размяшчаецца за 30 кіламетраў ад мяжы з Турцыяй, працягваюцца жорсткія баі з баевікамі групоўкі «Ісламская дзяржава». Сёння турэцкім вайскоўцам удалося ўзяць пад кантроль большую частку гораду.

А вось Пальміра, якую напрыканцы снежня зноў захапілі джыхадысты, можа быць цалкам разбураная. Напярэдадні Міністэрства абароны Расеі апублікавала відэа, на якім, як сцвярджаецца, бачныя доказы знішчэння экстрэмістамі старажытных помнікаў сірыйскага гораду. Паводле расейскага ведамства, баевікі «Ісламскай дзяржавы» звозяць у Пальміру выбухоўку, каб максімальна знішчыць помнікі архітэктуры перад сваім адступленнем.

www.belsat.eu