Турмы як сімвалы змагання за свабоду


У адказ на акцыі пратэсту рэжым Лукашэнкі кідае змагароў за свабоду і незалежнасць краіны ў турмы. Гэтак у час ягонага прэзідэнцтва толькі ў турме на завулку Акрэсціна былі ў зняволенні тысячы ўдзельнікаў апазіцыйнага дэмакратычнага руху.

Туды ў 2006 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў цягам аднаго тыдня прэвентыўна пасадзілі 1760 чалавек. І калі праз некалькі дзён намётавы лагер пратэсту разагналі ды аўтазакі з новаю партыяй людзей скіраваліся да вязніцы, там ужо не было месцаў. Праз Акрэсціна прайшла моладзь, а таксама шмат хто з выбітных людзей мастацтва, навукі, літаратуры. Ля гэтай турмы адбыліся сотні пікетаў з патрабаваннем выпусціць зняволеных, ля яе сценаў пад бел – чырвона – белымі сцягамі і воклічамі «Жыве Беларусь!» сустракалі вызваленых вязняў.

Турма ж на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе звычайна да суду трымаюць сур’ёзных крымінальных злачынцаў, яшчэ з часоў антырасейскіх паўстанняў 1831 і 1863 гг. здабыла славу палітычнага астрогу. У найноўшы час праз яе прайшлі самыя небяспечныя з гледзішча рэжыму яго апаненты: прэм’ер – міністр Міхаіл Чыгір і прафесар Юрый Хадыка, міністр Васіль Лявонаў ды надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Міхаіл Марыніч, мастак Рыгор Кійко і бізнесовец Андрэй Клімаў, марскі афіцэр Валер Шчукін і студэнт Андрэй Кім…

Паводле крымінальных справаў сядзелі апазіцыйныя лідары і ў турмах Віцебску, Глыбокага, Шклова, Полацку. У Беларусі свабоднай думцы ды сумленню заўсёды знаходзіцца месца за кратамі і калючым дротам.

Сведкі – Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Наста Дашкевіч, Мікіта Ліхавід.