Цяжка ці немагчыма: як дабіцца ад «слуг народа» належнага па законе жытла?


«Пішыце куды хочаце, у нас такіх тысячы!» – часам ад беларускіх чыноўнікаў можна пачуць і такое. Не ва ўсіх хапае сілаў, юрыдычных ведаў ці «знаёмстваў», каб дабіцца вырашэння свайго пытання.

Шматдзетныя сем’і, сіроты, людзі з інваліднасцю часта не атрымліваюць і таго мінімуму, што абяцае ім беларускае заканадаўства.

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы накіраваліся ў Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці. Як і ў іншых раёнах, тут ёсць шматдзетныя сем’і, каторыя маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Але чамусьці гэтыя пытанні не вырашаюцца.

Ад чаго ў людзей апускаюцца рукі?

У сям’і Дуброўскіх з вёскі Квасевічы пяцёра дзяцей. Сямʼя жыве ў старым бацькоўскім доме. Нягледзячы на тое, што паводле закону ім належыць дапамога, Дуброўскія разлічваюць толькі на свае ўласныя сілы.

Калі шматдзетная маці Вольга звярнулася ў райвыканкам, каб стаць у чаргу на будаўніцтва кватэры ў кааператыве, супрацоўнікі параілі ёй перапісаць заяву і стаць у чаргу на атрыманне ўчастку. Абгрунтоўвалі яны гэта тым, што на ўчастку можна хутчэй пабудаваць жытло, бо на кааператывы не выдзяляецца сродкаў. Участак Дуброўскія сапраўды атрымалі хутка, яшчэ ў далёкім 2011-м. Вольга за ўласныя сродкі хуценька зрабіла ўсе патрэбныя для атрымання крэдыту дакументы. Але абяцаных грошаў сям’я так і не дачакалася.

«Ды пішыце куды хочаце! У нас такіх тысячы», адказалі Вользе ў райвыканкаме, калі яна хацела паскардзіцца.

Сям’я Пархутаў з вёскі Ёдчыкі таксама мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Пара разам з шасцю дзецьмі жывуць у маленькай хатцы. Спадарыня Ірына неаднаразова звярталася ў райвыканкам, каб атрымаць неабходную для вырашэння жыллёвага пытання інфармацыю. Але кожны раз яна сутыкалася з некампетэнтнасцю мясцовых супрацоўнікаў.

Дык ці магчыма дабіцца дапамогі ад дзяржавы?

Можна сказаць, што героі нашай перадачы самі вінаватыя ў тым, што не дабіліся свайго, што прыклалі мала высілкаў. Хтосьці, наадварот, падтрымае думку пра тое, што гэта нерэальна. Госці ў нашай студыі маюць непасрэднае дачыненне да падобных сітуацыяў з супрацьлеглых бакоў. Ірына Логвін, супрацоўніца сталічнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і маці шасці дзяцей Святлана Несцяровіч, якая не першы год дамагаецца ўласнага жытла, шукаюць выйсце на пытанне, што перашкаджае прадстаўнікам «неабароненых пластоў насельніцтва Беларусі» атрымаць належнае ім па законе жытло.

Грошы ў выканкамаў ёсць, але толькі на жытло для сваіх

Неглездячы на тое, што шмат семʼяў у Івацэвіцкім раёне маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, мясцовы райвыканкам у Івацэвічах будуе жытло «для сваіх». Нягледзячы на наяўнасць службовага жылля для кіраўніцтва, у гэтым годзе будуюць яшчэ адзін дом. Гэты будынак каштуе 100 тысяч долараў.

Пра гэта глязіце ў новым выданні «Людскіх справаў», якое прысвечанае тэме сацыяльнае падтрымкі, цалкам:

Праграму «Людскія справы» глядзіце шточацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»), а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам ў Facebook ды Одноклассники. Памятайце: для нас няма чужых праблемаў.