Ціск на студэнтаў 2.0: Прыбірайце лайкі!


Адміністрацыі ўніверсітэтаў апошнім часам не толькі вярнуліся да выключэнняў студэнтаў па палітычных матывах, але і заняліся зачысткай праяваў салідарнасці з імі ў сацсетках. Пра гэта напярэдадні Міжнароднага дня студэнтаў (святкуецца 17 лістапада) распавёў моладзевы актывіст Крысціян Шынкевіч.

Па словах Шынкевіча, калі яго сёлета выключалі, то «большая частка аднакурснікаў успрынялі гэта як нешта незаконнае і падтрымалі – у тым ліку лайкамі ў Фэйсбуку, Твітары».

«Але праз некалькі дзён мне пачалі скардзіцца, што іх пачалі выклікаць у прафсаюз і дэканат, дзе прымушалі прыбіраць гэтыя самыя лайкі і адпісвацца ад мяне. Да такога маразму дайшло! У выніку некаторыя з тых, хто падтрымліваў спачатку, нават сталі пісаць абразлівыя каменты на мой адрас», – зазначае актывіст.

Новую хвалю рэпрэсіяў супраць студэнцтва ён звязвае з прыходам на пасаду міністра адукацыі камуніста Ігара Карпенкі і з устаноўкамі, якія яму даў кіраўнік краіны.

Падрабязней пра ціск і праблемы студэнцкай салідарнасці, петыцыю супраць БРСМ і стаўленне да гэтай арганізацыі сярод студэнтаў, чаму Беларусь можа стаць першай краінай у свеце, якую могуць выключыць з Балонскага працэсу – глядзіце ў поўным выданні праграмы «Размова дня» Святланы Калінкінай з Крысціянам Шынкевічам.