Цікавасць да новай гістарычнай кнігі Арлова зашквальвае. Рэпартаж


Кожнаму чытачу – «Пагоня» ад мастака Паўла Татарнікава. Чатыры гадзіны запар яны з пісьменнікам Уладзімірам Арловым падпісвалі кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя ад Рагнеды да Касцюшкі».

Гэта ўжо другая аўтограф-сесія, што адбылася ў гандлёвым цэнтры «Цівалі».

Ажыятаж зразумелы: такой прыгожай, яркай і захапляльнай кнігі па беларускай гісторыі для дзяцей і падлеткаў дагэтуль не існавала.

Папярэдняе падобнае выданне – «Адкуль наш род» Уладзіміра Арлова – выходзіла яшчэ ў 1990-я і даўно зрабілася рарытэтам, прызнаецца сам аўтар:

«Усе гэтыя гады, ужо, напэўна, гадоў дзесяць, як гэтай кнігі няма, я атрымліваў бясконцыя лісты, найперш ад настаўнікаў гісторыі, з пытаннем, калі будзе новае выданне. І найлепшым адказам стала выданне новай кніжкі».

Жывая гісторыя будзе цікавая і дзецям, і бацькам. Пасля кожнага аповеду – віктарына з пытаннямі, сурʼёзнымі і вясёлымі, напрыклад: колькі катоў ахоўвалі дакументы ВКЛ?

Можна сказаць, гэта дзіцячая версія папярэдняга бестселера Арлова «Краіна Беларусь», там ілюстрацыямі служылі аўтэнтычныя дакументы. Гісторыя ж для дзяцей сапраўды маляўнічая – яе аздобіў вядомы графік Павел Татарнікаў. Для гэтага яму давялося вывучыць сотні гістарычных крыніцаў, таму кожную дэталь – строі, побыт, зброю – хочацца разглядаць пад лупай.

Ілюстрацыі мастак рабіў шэсць гадоў, распавядае фундатар выдання Павел Бераговіч: «Гэта не проста ілюстрацыі, гэта мастацкія творы, карціны. Таму так нетаропка ішла праца, і я цалкам задаволены тым вынікам, які атрымаўся».

Цяпер аўтары працуюць над другой часткай, якая ахопіць перыяд ад страты нашымі продкамі незалежнасці і да яе здабыцця ў 1991 годзе. Упершыню для дзяцей будзе апавядацца найноўшая гісторыя – пра Заходнюю Беларусь, сталінскія рэпрэсіі, Другую сусветную вайну – простай мовай і без штампаў са школьных падручнікаў.

Кнігу «Айчына: ад Рагнеды да Касцюшкі» яшчэ да яе выхаду замовілі амаль паўтары тысячы чытачоў, і не толькі з Беларусі, але з Амерыкі, Канады, Нямеччыны, Турцыі, Расеі. Папулярнасць відавочная – чарга па аўтограф нават не змясцілася ў зале! Наступная аўтограф-сесія, дзе выданне можна набыць са зніжкай, адбудзецца 19 студзеня ў кнігарні «Акадэмкніга».

Іншыя тэмы:

Андрэй Курэйчык: «Гэта не чыноўніца, гэта – катастрофа!»

Сюрпрызы ад Музею праса ў першую гадавіну.

Сяргей Палунін будзе мець уласную скульптуру сярод чальцоў каралеўскага роду.

Чытайце таксама:

  • «З нашай князёўны Рагнеды зрабілі плаксівую дзеўку». Гісторык глядзіць фільм «Вікінг»

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu