Ці зможа Трамп абʼяднаць амерыканцаў?


Увесь свет глядзіць на Злучаныя Штаты. У Вашынгтоне адбываюцца ўрачыстасці з нагоды інаўгурацыі 45-га прэзідэнта ЗША. Імя ўсім вядомае – Доналд Трамп.

Гэтыя ўрачыстасці самыя дарагія ў гісторыі. На інаўгурацыю з помпаю выдаткавалі $ 200 млн. Аднак ні размах, ні свята дэмакратыі не змаглі аб’яднаць прыхільнікаў і праціўнікаў новага прэзідэнта. Такіх падзелаў яшчэ не было. Адныя святкуюць, іншыя – пратэстуюць. А ўвесь свет чакае, якія першыя крокі зробіць новы прэзідэнт ва ўнутраным жыцці і замежнай палітыцы ЗША.

Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны абмяркоўвае з Валерам Кавалеўскім з Беларуска-амерыканскага задзіночання.

Сяргей Падсасонны: Ці здольны Трамп увогуле паяднаць амерыканцаў? Альбо гэтыя падзелы, якія ўзнікаюць, будуць паглыбляцца? Таму што ўвесь час новы прэзідэнт паўтараў, што «Амерыка нарэшце стане вялікай дзяржавай». А ці не была яна вялікай дзяржавай?

Валер Кавалеўскі: Шмат хто не пагодзіцца з Трампам, што нібыта Амерыка не была вялікай дзяржавай да гэтага часу. Яна ёй была вельмі доўгі час, і зараз ніводная іншая дзяржава не можа параўнацца з ЗША па эканамічным патэнцыяле, вайсковай магутнасці, палітычнай вазе. Таму гэта зноў выглядае вельмі па-папулістску.

Мне складана прагназаваць, ці зможа Трамп абʼяднаць краіну, перацягнуць на свой бок сваіх апанентаў. Выглядае, што ягоныя пазіцыі зараз не вельмі добрыя, у яго рэкордна нізкі рэйтынг на пачатку прэзідэнцтва. І вось той выступ, які ён зрабіў зараз, не паказвае, што Трамп сапраўды хоча абʼяднаць людзей нейкімі ідэямі, нейкай рыторыкай, якая змякчыць крытыку на ягоны адрас.

Мне падаецца, ён будзе такой моцнай рукой кіраваць краінай, адмятаючы ўбок апанентаў, не зважаючы на нейкія альтэрнатыўныя падыходы да вырашэння праблемаў. Мы гэта ўсё можам назіраць у такім краінах, як Беларусь у тым ліку.

Глядзіце таксама: