Ці выгадна прыганяць ужываныя аўты?


Каму выгадна гнаць «карыта» з Расеі

Узімку ўрад павялічыў памеры ставак утыльзбору: для юрыдычных асобаў прыкладна ў паўтара раза, а для фізічных асобаў – у восем разоў. Цяпер за перагон з ЕАЭС аўта, старэйшага за тры гады, трэба пераплаціць амаль Br 7,5 млн, за «свежую» машыну да трох гадоў – амаль Br 5 млн.Пры гэтым бюджэтны аўтамабіль у Смаленску ўсе яшчэ каштуе на $ 1,5-2 тыс. танней за аналаг у Беларусі, расейскія прадаўцы гатовыя нават рабіць зніжкі, бо продажы аўтаў запаволіліся. Аднак набываць аўта «з рук» рызыкоўна, а ў салонах пакупнікоў прывабліваюць акцыямі ды зніжкамі.Каму і навошта патрэбны новы ўтылізацыйны збор і як ён зменіць рынак ужываных аўтаў у Беларусі – разбіраемся ў рубрыцы «Свая кішэня».

Цэннік у краме – паперка, ці дакумент?

Не кожны наведнік крамаў ведае, што нават самы непрывабны цэннік, які пазначае кошт тавару – афіцыйны дакумент, і пакупнік мае права набыць тавар менавіта за той кошт, які на цэнніку напісаны, нават калі кіраўніцтва крамы паспела гэты кошт змяніць.Калі тавар вязуць з Расеі або іншае краіны, то кошты на кожную пастаўку могуць адрознівацца. Тут справа не столькі ў падвышэнні адпускнога кошту, колькі ў ваганні курсаў. Праз гэта праграма, што калькулюе кошты рознічнага продажу, можа выдаваць новыя лічбы, якія ў краме мусяць своечасова змяшчаць на цэнніках. Не паспелі – гэта праблема крамы, а не пакупніка.Што рабіць, калі ў краме адмаўляюцца прадаць тавар за суму, напісаную на цэнніку – распавядзем у рубрыцы «Барані свае».

Чужыя працаўнікі для ўласнага бізнесу

Вы – кіраўнік невялікай фірмы, якая займаецца праграмаваннем. Ці – дырэктар маленькага салону прыгажосці. Штат кампаніі – тры чалавекі (гэта з улікам вас, канешне). І вам патрэбныя бухгалтар ды прыбіральшчыца. Наняць іх у штат – гэта значыць павялічыць колькасць супрацоўнікаў амаль удвая. Таму выйсце для вас – шукаць працаўнікоў на аўтсорс.Калі вы карыстаецеся паслугамі аўтсорсінгавых кампаніяў, вам не трэба клапаціцца пра бальнічныя лісты або дэкрэтныя адпачынкі, займацца падвышэннем кваліфікацыі працаўнікоў ці выдаткоўваць сродкі на стварэнне асобнага працоўнага месца. Але камерцыйныя тайны давядзецца даверыць «чужому» чалавеку.Якія плюсы і мінусы ёсць у паслугаў аўтсорсінгу, каму можа быць выгадным аддаваць на гэты частку працы і колькі каштуюць адпаведныя паслугі – распавядаем у праграме «Сакрэт фірмы».