Ці падтрымаюць Шатландыя ды Ірландыя Лондан у імкненні «жорстка выйсці» з ЕЗ?


Палата лордаў брытанскага парламенту прагаласавала за пачатак працэдуры выхаду Вялікай Брытаніі са складу Еўразвязу – афіцыйную заяву аб пачатку працэсу мае цягам некалькіх дзён абвесціць прэмʼер-міністр краіны Тэрыса Мэй. А чыноўнікі ў Лондане ўжо рыхтуюцца да змагання з сепаратысцкімі настроямі ўнутры краіны.

Працэдура выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу толькі пачынаецца, але звычайныя брытанцы ўжо адчуваюць наступствы гэтага працэсу на ўласных гаманцах. Выданне «The Guardian» падлічыла, што кошты ў крамах адчувальна выраслі ад моманту рэферэндуму аб выхадзе з ЕЗ.

«Так, апошнім часам я заўважыла, што кошты растуць. Напрыклад, свежыя маліны каштавалі 2 фунты, цяпер гэта 2,50, і гэта адбылося за апошнія два тыдні. Можа, гэта і малая розніца, але калі палічыць усё разам, то вельмі заўважная», – кажа жыхарка Лондану.

Напярэдадні Палата лордаў брытанскага парламенту дала прэмʼер-міністру краіны Тэрысе Мэй паўнамоцтвы пачаць дзеяць згодна з пяцідзясятым артыкулам Лісабонскага пратаколу, аб выхадзе з Еўразвязу.

«Галасы «за» справа – 335, галасы «супраць» злева – 287. Такім чынам, «за» перамаглі, зацверджана», – агучыў вынікі галасавання спікер Палаты грамадаў Джон Бэркаў.

Дакумент накіраваўся на подпіс каралевы Элізабэт II, а брытанскі фунт, на фоне гэтых навінаў, рушыў у чарговае піке і страціў яшчэ адзін адсотак сваёй вартасці. Ад часу рэферэндуму па выхадзе з ЕЗ брытанская валюта згубіла агулам больш як 15 % адносна еўра і долара. Але фінансавыя справы – гэта толькі частка праблемаў для афіцыйнага Лондану.

Захады, якія робіць кабінет Тэрысы Мэй, ставяць пад пытанне тэрытарыяльную цэласнасць Вялікае Брытаніі.

«Насуперак жаданню большасці нашых грамадзянаў, а таксама насуперак жаданню большасці палітычных партыяў на нашым востраве, у Лондане адмаўляюцца прыслухоўвацца да нашага меркавання. Адмаўляюцца выконваць свае абавязкі ды пагадненні. Брэкзіт будзе катастрофай для эканомікі Ірландыі і для ірландскага народу. Нашая партыя лічыць неабходным правесці рэферэндум у пытанні ірландскага адзінства, і ён мусіць прайсці як мага хутчэй», – заявіла Мішэл ОʼНіл, лідарка Ірландскай рэспубліканскай партыі «Шынь Фень».

Падчас рэферэндуму адносна брэкзіту 56 % ірландцаў прагаласавалі супраць, падобныя вынікі былі і ў Шатландыі. А таму не дзіўна, што ў Эдынбурзе разглядаюць магчымасць сцэнару, аналагічнага ірландскаму.

«Я зраблю неабходныя захады, каб быць упэўненымі, што Шатландыя атрымае выбар падчас брэкзіту. Выбар: трымацца Вялікай Брытаніі падчас жорсткага варыянту выхаду з ЕЗ або зрабіцца незалежнай краінай і гарантаваць сабе роўныя з Лонданам правы на ўласныя дачыненні з Еўразвязам. Мы абмяркуем дэталі, якія дазволяць распачаць рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі», – заявіла Нікала Стэрджэн, прэмʼер-міністр Шатландыі.

У верасні 2014 года ў краіне ўжо праходзіў падобны плебісцыт, але тады шатландцы вырашылі застацца ў складзе Вялікай Брытаніі, пераважна з-за жадання быць пры гэтым у складзе Еўрапейскага Звязу.

Глядзіце таксама: