Чаму Расея павялічыць свой уплыў на Асада? Чым падобныя Лукашэнка і Пуцін, і што яны схавалі ад нас у Пецярбурзе? Як павысіць свае шанцы выжыць падчас тэракту? Рэвалюцыі ў суседзяў – урокі для беларусаў. Глядзіце ў найноўшым выданні тэлечасопісу.
Сітуацыю вакол Сірыі каментуе Вітальд Рэпетовіч, эксперт парталу defence24.pl па Блізкім Усходзе.
Доўгачаканай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Пецярбургу не перашкодзіў нават тэракт. Пра балючыя пытанні, якіх паміж Беларуссю і Расеяй назбіралася ўжо процьма, кіраўнікі дзяржаваў размаўлялі больш за пяць гадзінаў. Што прывёз кіраўнік Беларусі з усходу і што ахвяраваў узамен? Рэпартаж Руслана Шошына.
Пра тое ці Беларусь і Расея ўжо прайшлі кропку невяртання, ці расейскія пратэстоўцы хочуць рэвалюцыі? Інтэрв’ю з Паўлам Пучковым, гісторыкам, супрацоўнікам Аляксея Навальнага, выкладчыкам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту.
У 2016-м тэрарысты найчасцей абіралі самазабойчыя атакі, выкарыстоўвалі выбухоўку ці машыны. Але былі і так званыя active shooters, якія не бралі закладнікаў.
Тэракт у некалькіх сотнях кіламетрах ад Беларусі на гэтым тыдні, у метрапалітэне Санкт-Пецярбургу, нагадвае, што мір і спакой сёння – гэта раскоша. Як кожны з нас можа павялічыць свае шанцы захаваць жыццё – рэпартаж Аліны Коўшык з курсаў па антытэрарызме (трэйлер: правіла № 1 – не панікаваць).
У краінах з дыктатурай ідэалогія часта тлумачыць бязмежныя паўнамоцтвы дзяржавы менавіта барацьбой з тэрарызмам, абаронай ад вайны і рэвалюцыі. Мы забралі вашую свабоду, каб было мірнае неба над галавой, каб не пралілася кроў – кажуць з трыбунаў і экранаў тэлевізараў харызматычныя лідары. Але не спрацоўвае, і ў выніку дыктатураў льецца кроў, ідуць войны, а людзі прызвычайваюцца жыць на волі, як у турме. Аднак нямала нашых суседзяў вырвалася з такога становішча. Якія бываюць шляхі да свабоды? Матэрыял Яраслава Сцешыка.
Як народ можа прымусіць уладу да дыялогу? Ці хопіць толькі дэманстрацыяў? Як арганізаваць страйк, што рабіць каб ён быў эфектыўным? Сяргей Пеляса паразмаўляў з Ежы Бароўчакам, дэпутатам польскага Сейму, які ў 80-я гады быў арганізатарам страйкаў супраць камуністычных уладаў у Гданьскай майстэрні караблёў.
Прэзідэнт з Вярхоўным судом супраць парламенту. У Венесуэле на фоне няспыннага эканамічнага крызісу і масавых пратэстаў ідзе зацятая барацьба барацьба за ўладу. Яшчэ нядаўна апазіцыя ў парламенце пагражала прэзідэнту імпічментам, але ў выніку менавіта Нікаляс Мадура здолеў пазбавіць Нацыянальную асамблею часткі паўнамоцтваў. Матэрыял Усевалада Шлыкава.