«ПраСвет» з Сяргеем Пелясою: Ці дамовяцца Лукашэнка з Пуціным?


Ці атака сілавікоў на «Белсат» звязаная з візітам Лукашэнкі да Пуціна? Пра гэта ў «ПраСвеце» Сяргеей Пеляса размаўляе з дырэктарам нашага тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.

Як цяпер размаўляць з Лукашэнкам?

Не паспелі расейскія і беларускія праваахоўнікі ідэнтычна брутальным чынам разагнаць пратэсты ў сваіх сталіцах і рэгіёнах, як з’яўляецца інфармацыя, што доўгачаканая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі адбудзецца 3 красавіка. Тым часам кіраўнік Беларусі запрошаны таксама і ў ЗША. Ці адбудзецца ягоны нефармальны візіт пасля апошніх рэпрэсіяў і ці ведаюць на Захадзе, як цяпер размаўляць з Менскам – матэрыял Усевалада Шлыкава.

Еўразвяз дзейнічае па інэрцыі

Сітуацыю ў Беларусі абмеркавалі найважнейшыя еўрапейскія палітыкі, якія сустрэліся на Мальце, на кангрэсе Еўрапейскай народнай партыі – аб’яднання дзясяткаў цэнтрысцкіх партыяў, мноства якіх сёння кіруюць у Еўропе.

У Еўразвязе не бракуе ўласных праблемаў, але дзякуючы беларускай дэлегацыі, на сустрэчы былі ўзнятыя праблемы нашай краіны. Удзельнік кангрэсу Юрась Губарэвіч, кіраўнік «Руху За Свабоду», каментуе вынікі візіту наўпрост з Валетты.

Ці трэба Лукашэнцы ехаць у ЗША?

Ці Пуцін з Лукашэнкам дамовіліся як вырашыць беларуска-расейскую спрэчку? Калі скончыцца міждзяржаўны крызіс? У студыі разважае Каміль Клысінскі, спецыяліст па Беларусі ў Цэнтры ўсходніх даследванняў, які аналізуе палітыку ў нашым рэгіёне для польскага ўраду.

Абараніць польска-украінскае партнёрства

На працягу апошніх месяцаў вандалы нішчылі польскія помнікі на захадзе Украіны і рабілі ўсе каб сапсаваць стасункі паміж Кіевам і Варшавай. Але відаць гэтага было за мала. У сераду генеральнае консульства Польшчы ў Луцку абстралялі з гранатамёту. Варшава ўстрымала працу сваіх дыпламатычных установаў ва Украіне. Хто стаіць за тэрактам у Луцку і чаму хоча пасварыць палякаў з украінцамі?

Страхоўка ад расейскай агрэсіі

Акрамя танкавай брыгады з Новага кантыненту, якая прыбыла ў Польшчу яшчэ ў студзені, у нашую заходнюю суседку прыехалі чарговыя сілы НАТА. Яны размесяцца ў 100 кіламетрах ад беларускай мяжы Настолькі блізка амерыканская вайсковая тэхніка яшчэ ніколі не набліжалася да Сінявокай.

Ці новая НАТАўская група ў Польшчы нясе пагрозу для Беларусі? На каго будуць нацэленыя пушкі амерыканскіх страйкераў і што палякі думаюць пра міжнародны кантынгент? Адказы на гэтыя пытанні шукаў Ігар Кулей.

Трактар «Беларус» на лініі фронту

Украінскія сяляне плануюць адрамантаваць свой трактар «Беларус», абстраляны сепаратыстамі, і працуюць закасаўшы рукавы. Калі пачалася вайна на Данбасе, у прыфрантавой вёсцы Першамайскае сяляне апынуліся ў няпростай сітуацыі. Іхную гаспадарку абстрэльвалі, а асноўны рынак збыту прадуктаў – Данецк – апынуўся за лініяй фронту. Аднак сяляне не апусцілі рук. Рэпартаж Антося Цялежнікава.