«Цэх д’ябла». Вядомы чэшскі пісьменнік Яхім Топал напісаў раман пра Беларусь


Але шукаць тут сапраўднае гісторыі не варта – у кнізе «Цэх д’ябла» больш фантазіі, чымся рэальнасці.

Раман напісаны пад уражаннем ад паездкі аўтара ў Менск – у 2008 г. Яхім Топал прыязджаў на прэзентацыю беларускага перакладу кнігі «Анёл». За тры дні пісьменнік наведаў месцы, звязаныя з гісторыяй сталінізму і вайны – Курапаты, Хатынь, Музей Вялікай Айчыннай вайны, менскае гета. А калі ў выніку спазніўся на самалёт – за ноч, праведзеную ў менскім лётнішчы, прыдумаў канцэпцыю кнігі, якую цяпер пісьменнік Яхім Топал і прэзентуе: «Я прасякнуўся кашмарам падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі, і мне трэба было перапрацаваць іх праз гратэск ды чорны гумар».

Кожная краіна мае сваю адметнасць для турыстаў. Яхім Топал пабачыў Беларусь найперш як краіну трагедыяў, дзе заўсёды вынішчаліся людзі, гэткім музеем жудасці. Раман «Цэх д’ябла» выходзіў больш як на 20 мовах і атрымаў галоўную прэмію міжнароднага ПЭН-клубу. А вось як успрымуць яго беларусы, хвалюе пісьменніка. Ён распавядае, што натхняўся «Горадам сонца» Артура Клінава, аповесцямі Быкава і дакументальнаю прозаю «Я з вогненнай вёскі», але просіць памятаць: ягоная кніга – чыстая фантасмагорыя. Бачыць адрозненні і перакладчык ды куратар серыі «Чэшская калекцыя» Сяргей Сматрычэнка:

«Фактычна ўвесь сюжэт там прыдуманы, проста змешчаны ў рамках краіны пад назваю Беларусь ці гораду пад назваю Менск і ваколіцаў. Разам з тым да гэтых фантазіяў дадаюцца рэчы, якія для кагосьці пададуцца клішэ – як Беларусь прывыклі бачыць і пісаць на Захадзе».

На думку перакладчыка, кніга важная ўжо тым, што гэта рэдкі замежны погляд на нас. Яхім Топал – таксама знакавы ў Чэхіі паэт-дысідэнт, творы якога да Аксамітнай рэвалюцыі выходзілі толькі ў самвыдаце. Апошнія 20 гадоў ён вершаў не публікуе і не чытае. Але зробіць выключэнне для паэтычнага фэсту імя Міхася Стральцова, які распачынаецца ўжо сёння. За тры дні, з 10 да 12 лютага, тут можна будзе не толькі сустрэць замежных аўтараў – Ганну Герасімаву, вядомую як Умка, ці Сяргея Жадана, – але і пабачыць увесь цвет беларускае паэзіі ды перакладаў.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

  • Баль нячысцікаў у Гомлі – як крок да стварэння музею міфалогіі
  • «Вяселле Заходняга Палесся» адгрымела ў Раўбічах

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат»