Свет Амерыканскія спецслужбы раскрылі, як расейскія хакеры дапамаглі Трампу перамагчы


У амерыканскія медыі трапілі некаторыя звесткі з сакрэтнага дакладу спецслужбаў ЗША, які дае падрабязнасці меркаванага кіберумяшальніцтва Крамля ў хаду выбарчай кампаніі ў Злучаных Штатах. Гэтым Масква, паводле Нацыянальнай службы выведкі, хацела паспрыяць перамозе кандыдата-рэспубліканца Доналда Трампа.

«Відавочна, што Расея заняла яшчэ больш агрэсіўную кіберпазіцыю праз павелічэнне шпіёнскіх кібераперацыяў, а пасля – праз зліццё звестак, скрадзеных у выніку такіх аперацыяў», – заяўляе кіраўнік Нацыянальнай службы выведкі ЗША Джэймз Клэпер.

Некаторыя звесткі з 50-цістаронкавага дакладу выведкі перадаюць выданні «Washington Post», канал «NBC» ды іншыя. Паводле дакументу, топавыя расейскія чыноўнікі святкавалі перамогу рэспубліканскага кандыдата. Выведнікі таксама выявілі тых расейцаў, якія перадалі ўва «WikiLeaks» сакрэтныя дакументы Дэмакратычнай партыі. Тагачасны выцек моцна ўдарыў па выбарчай кампаніі Гілары Клінтан. Даклад выведнікаў трапіў на стол Оўбамы напярэдадні, сёння ж яго перадалі абранаму прэзідэнту Доналду Трампу.

«Якім чынам «NBC» атрымаў эксклюзіўны доступ да супер сакрэтнага дакладу, які быў яму [Оўбаме] прэзентаваны? Хто даў ім гэты даклад і чаму? Палітыка!»

У сваім «Тўітэры» Трамп таксама дадаў, што медыі «хлусяць», быццам мільярдэр настаўлены варожа да спецслужбаў ЗША, калі насамрэч ён іх «вялікі фанат». Хаця раней новаабраны прэзідэнт неаднаразова адмаўляў праўдзівасць высноваў Нацыянальнай выведнай службы пра хакер-атакі з Расеі. Дзейны віцэ-прэзідэнт ЗША мяркуе, што такая глухата Трампа да папярэджанняў выведкі – вар’яцтва.

«Час пасталець, Доналдзе, час пасталець, – заявіў віцэ-прэзідэнт Джоў Байдэн. – Час рабіцца дарослым. Ты цяпер прэзідэнт, ты мусіш дзеяць. Пакажы, на што ты здольны. Прапануй закон, мы яго абмяркуем. Дай грамадству пастанаўляць, дай ім вырашыць праз Кангрэс».

Паводле старшыні Камітэту сенату ЗША ва ўзброеных сілах Джона МакКейна, якому і прадставіла свае папярэднія вынікі кіраўніцтва выведкі, занепакоенасць гэтымі звесткамі мусіць выказваць не толькі будучы кіраўнік краіны, але і кожны амерыканец.

«Мы мусім узяць пад увагу, што нядаўнія расейскія атакі – гэта частка больш вялікай кіберпраблемы, – Джон Маккейн. – Мэтамі расейскіх кібератак былі Белы дом, кабінет начальнікаў штабоў, Дзярждэпартамент, галоўная інфраструктура».

Несакрэтную частку дакладу ды інфармацыю пра матывы Крамля Джэймз Клэпэр, кіраўнік Нацыянальнай службы бяспекі ЗША, абяцаў прэзентаваць грамадскасці на наступным тыдні. Пакуль жа тыя амерыканскія чыноўнікі, што ўжо прачыталі даклад, кажуць, што напады не маглі адбыцца без удзелу самага высокага кіраўніцтва.

Таццяна Рэут

Каментары