«Трэба ўтрымаць нашыя дысцыпліны». Старыкевіч – пра шанцы беларусаў у Пхёнгчангу


У паўднёвакарэйскім Пхёнчхане ўрачыста адкрыліся 23-я Алімпійскія Гульні. Беларусь прадстаўляюць 32 спартоўцы – пароўну жанчыны і мужчыны. Нашыя дысцыпліны сёлета – біятлон, фрыстайл, лыжныя гонкі, канькабежны спорт, шорт-трэк і горныя лыжы. Наколькі беларуская зборная падрыхтаваная да Алімпіяды, і ці варта спадзявацца на сюрпрызы – у «Студыі Белсату» разважае журналіст Аляксандр Старыкевіч.

На думку Аляксандра Старыкевіча, у дачыненні да зборнай Беларусі, якая паехала ў Паўднёвую Карэю, не выпадае казаць ані пра яе росквіт, ані пра заняпад:

«Зроблена, насамрэч, дастаткова шмат у межах таго, што магла дазволіць сабе дзяржава ў сённяшнім эканамічным стане. Зроблена таксама таму, што спорт даўно з’яўляецца для Аляксандра Лукашэнкі адной з самых вялікіх цікавостак – на гэта, па магчымасці, сродкі не шкадуюць».

На пытанне пра росквіт або заняпад не змогуць хіба адказаць нават тыя, хто цяпер знаходзяцца ў Пхёнчангу, – дадае Старыкевіч. – Гэта стане зразумела падчас спаборніцтваў.

«Ані прарываў, ані правалаў – у сэнсе атрымання рэцэнзіі на Гульні – няма. Калі не лічыць правал падчас хатняй кваліфікацыі хакейнай зборнай на Алімпіяду», – падсумоўвае журналіст.

На думку адмыслоўца, сярод «нашых» дысцыплінаў на Гульнях – фрыстайл і біятлон.

«Добра было б дадаць іншыя дысцыпліны, але гэтага хочуць усе. Таму перш за ўсё трэба ўтрымліваць гэтыя пазіцыі», – заяўляе Старыкевіч.

А пра магчымыя сюрпрызы ад зборнай суразмоўца кажа так: «Калі б я ведаў нешта пра прыемныя нечаканасці, то бег б ужо ў букмекерскую кантору».

На фота – Дар’я Домрачава на Чэмпіянаце свету па біятлоне ў 2017-м годзе. Гохфільцэн, Аўстрыя. Yevgeny Tumashov/TASS/Forum