«Трэба рабіць і рабіць яшчэ больш». Культураю – па арыштах


Дзеячы культуры не застаюцца ў баку ад палітычных падзеяў і рэпрэсіяў, якія незаконна спаткалі, між іншага, творцаў у Дзень Волі 25 сакавіка.

У Дзень тэатру атрымаў 10 содняў арышту актор Сяргей Квачонак, з цяжкой чэрапна-мазгавой траўмай у шпіталі акторка Яна Русакевіч. Затрыманыя былі скрыпач Аляксандр Хаўкін і гітарыст Глеб Галушка, які адразу пасля вызвалення падкрэсліў аднадумства беларускіх творцаў:

«У чым цяпер відавочнасць моманту: мне здаецца, у нас у Беларусі цяпер ні расейскамоўныя, як я, ні беларускамоўныя, не развязваюць пытання «а што ў нас за адмысловы шлях?». Нам усім зразумела, што мы маем наш еўрапейскі шлях».

Амаль адразу з заклікам салідарнасці звярнулася да калегаў акторка і спявачка Наста Шпакоўская, а берасцейскі гурт «Дай дарогу», таксама як і Лявон Вольскі, апублікаваў відэаролік з кадрамі гвалтоўнага разгону святочнага шэсця. Музыка Піт Паўлаў, які шчыльна супрацоўнічае з Глебам Галушкам, уражаны падтрыманнем сяброў:

«Творчая суполка павяла сябе самым лепшым чынам. Усе выразілі моцную салідарнасць, усе былі разам, а цяпер калятворчая суполка, бізнес-суполка ды проста людзі ахвяруюць грошы, бо штрафы даволі значныя».

Спіс рэпрэсіяў супраць творцаў папаўняецца дагэтуль. Здымак брутальнага затрымання паэта Яна Грыба пабачыў увесь свет, а культурны дзеяч і заснавальнік цэнтру «Арт-сядзіба» Павал Белавус атрымаў 15 содняў арышту. Сябры-творцы салідарныя з Паўлам, які, абвінавачаны ў лаянцы матам, не прызнаў на судзе сваёй віны. Музыка Сяржук Доўгушаў сказаў, што цяпер адмыслова будзе апранаць на свае выступы цішотку з «Пагоняй»:

«Трэба не маўчаць. Трэба рабіць, трэба рабіць яшчэ больш, чым рабілі і быць разам, адзін за аднаго. Я буду хадзіць па гэтай зямлі, і мне ніхто не будзе перашкаджаць».

Пратэст супраць гвалтоўных дзеянняў уладаў Беларусі выказаў і шведскі саюз пісьменнікаў, а нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч назвала рэпрэсіі ўлады напярэдадні Дня Волі «самагубным варыянтам» і заклікала збіраць энергію пратэсту.

Вольга Гардзейчык

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

  • «Март-кантакт 2017»: трыумф моладзі;
  • Святлана Бень і вершаваныя кузуркі;
  • Пабачыць кубізм у афрыканскай скульптуры разам з Пікасо.