Трамп: Супрацьстаянне з Паўночнай Карэяй можа выліцца ў ваенны канфлікт


Японія супакойвае сваіх грамадзянаў: у выпадку вайны Сілы самаабароны здольныя перахапіць паўночнакарэйскія ракеты з хімічнаю зброяй, напрыклад, з зарынам, якога ў КНДР даволі шмат. Урад Японіі ў адказе на дэпутацкі запыт паведаміў, што падчас перахопу ракетаў Кім Чэн Ына на вышыні атрута або згарыць, або развеецца.

У межах падрыхтоўкі да магчымай агрэсіі з боку КНДР, Японія ўзмацніла сваю групоўку ў супольных са Злучанымі Штатамі вучэннях і накіравала яшчэ два знішчальнікі ў ваколіцы востраву Акінава, дзе ўжо манеўруюць амерыканскі і японскі флот і авіяцыя. Ядрава-ракетныя вучэнні Кім Чэн Ына пагражаюць не толькі Паўднёвай Карэі, але і ўсім суседзям у рэгіёне. Таму праблема КНДР была адной з асноўных на сённяшнім саміце ASEAN (а́сі-ан) у сталіцы Філіпінаў. У Асацыяцыю дзяржаваў Паўднёва-Усходняй Азіі ўваходзяць 10 краінаў рэгіёну.

Супрацьстаянне з Паўночнай Карэяй з-за ядравай праграмы Кім Чэн Ына можа выліцца ў сурʼёзны ваенны канфлікт, заявіў Доналд Трамп. Аднак прэзідэнт ЗША хацеў бы развязаць праблему дыпламатычным шляхам, таму ягоная адміністрацыя рыхтуе шэраг новых эканамічных санкцыяў супраць КНДР.

«Мы распрацавалі вельмі прадуманую стратэгію, якая цяпер толькі на раннім этапе рэалізацыі, і яна патрабуе значнага ціску на рэжым у Пхеньяне. Яна таксама ўключае заклік да Кітаю згуляць ролю ў тым, як мы дамо рады гэтай пагрозе», – заявіў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан.

Рэкс Тылерсан таксама паведаміў, што Кітай нібыта папярэдзіў Паўночную Карэю аб увядзенні аднабаковых санкцыяў у выпадку новага ядравага выпрабавання. У Пекіне не прызналі, што пагражалі Пхеньяну санкцыямі. Кіраўніцтва Кітаю чарговы раз заклікала да дыялогу і ўраўнаважанасці, у тым ліку падчас сённяшняга паседжання Рады Бяспекі ААН, дзе выступіў Рэкс Тылерсан.

Якія рычагі мог бы ўжыць Кітай? Паводле ананімных крыніцаў у бізнес-сферы, Кітайская нацыянальная нафтавая кампанія дзесяцігоддзямі экспартавала ў КНДР сырую нафту, а таксама бензін, рэактыўнае і дызельнае паліва. Абʼёмы паставак – сціплыя для кітайскіх нафтавікоў і крытычна важныя для ваеннай праграмы КНДР.

Кім Чэн Ын публічна рэагуе на абвастрэнне сітуацыі толькі дзяржаўнай прапагандай. Прапагандысцкая інтэрнэт-старонка КНДР апублікавала відэа з камп’ютарнай графікай (нізкай, зрэшты, якасці), у якім паўночнакарэйская артылерыя нібыта знішчае амерыканскі авіяносец, а балістычная ракета ляціць проста ў Вашынгтон, каб узарваць будынак Капітолію.

Яраслаў Сцешык