Трамп супраць санкцыяў


Словы Трампа прагучалі неўзабаве пасля таго, як стала вядома аб планах Белага дому ўвесці дадатковыя санкцыі супраць Расеі. Цяпер падставаю да новых абмежавальных захадаў называюць звесткі амерыканскай выведкі аб умяшанні расейскіх хакераў у апошні выбарчы працэс у ЗША. Аднак Доналд Трамп да гэтай ініцыятывы паставіўся даволі памяркоўна.

«Я мяркую, што камп’ютары значна ўскладнілі нашае жыццё. Іх развіццё зайшло так далёка, што ніхто ўжо дакладна не разумее, што адбываецца. Мы атрымалі хуткасць, атрымалі шмат іншых рэчаў, але я перакананы, што мы маем той узровень бяспекі, які нам патрэбны», – заявіў новаабраны прэзідэнт ЗША.

А ўчора амерыканскі сенатар рэспубліканец Ліндзі Грэям заявіў аб неабходнасці санкцыяў, якія закрануць асабіста Уладзіміра Пуціна. Заяву палітыка Трамп пракаментаваў наступным чынам: «Я не ведаю, што ён робіць. Я не размаўляў з ім. Як вы ведаеце, ён уцякае ад мяне».

Паводле крыніцаў у адміністрацыі Барака Оўбамы, гаворка ідзе пра новыя эканамічныя санкцыі, а таксама абмежаванне працы расейскіх дыпламатаў. Канчатковае рашэнне могуць абвесціць цягам бліжэйшых дзён ці нават гадзінаў. У сваю чаргу Міністэрства замежных справаў Расеі пагражае адпаведным адказам амерыканскаму боку.

«Шчыра, мы стаміліся ад хлусні пра расейскіх хакераў, якая працягвае зыходзіць у ЗША з самога верху. Адміністрацыя Барака Оўбамы яшчэ паўгода таму запусціла гэтую дэзынфармацыю, каб падгуляць патрэбнаму для сябе кандыдату», – заявіла прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Улетку стала вядома, што хакеры ўзламалі электронную пошту Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі. У выніку былі скрадзеныя важныя дакументы. З іх публікацыі стала вядома аб спрэчках у шэрагах выбарчых канкурэнтаў Доналда Трампа.

Вашынгтон у інцыдэнце афіцыйна абвінаваціў Расею. Што можа быць далей?

«Доналд Трамп неаднойчы заяўляў аб неабходнасці палепшыць дачыненні з Уладзімірам Пуціным. На мінулым тыдні ён паведаміў, што атрымаў ліст ад расейскага прэзідэнта, у якім той заклікае наладзіць больш шчыльныя сувязі паміж краінамі», – кажа палітолаг Яўген Красулін.

Ян Бабіцкі