Свет Трамп абвінаваціў у хлусні сенатара Блюменталя


Ніл Горсач, якога Доналд Трамп высунуў на пасаду сябра Вярхоўнага суда, раскрытыкаваў прэзідэнта ЗША за ягонае стаўленне да судовай сістэмы і яе пастановам. Горсач расчараваны каментарамі Трампа ў дачыненні суддзяў, якія Трамп пакідае ў сваім Тўітары.

Заява Ніла Горсача прагучала на спатканні з сенатарам-дэмакратам ад Канэктыкута Рычардам Блюменталем.

«Ён прызнаўся мне, што збянтэжаны дэмаралізуючымі і агіднымі заўвагамі, якія зрабіў прэзідэнт Трамп пра судовую сістэму», – сказаў сенатар ЗША Рычард Блюменталь.

Раней Доналд Трамп зняважліва пракаментаваў рашэнне суддзі Джэймса Робарта, які заблакаваў дзеянне прэзідэнцкага ўказу, што забараняе ўезд імігрантаў у краіну.

Прэзідэнт ЗША назваў Робарта «гэтак званым суддзёй» і сказаў, што магчымыя атакі тэрарыстаў у краіне будуць на ягоным сумленні.

«Я проста не магу паверыць, што суддзя падвяргае нашую краіну такой небяспецы. Калі штосьці здарыцца, абвінавачвайце яго і судовую сістэму. Людзі цякуць ракою. Кепска!», – напісаў Трамп у Тўітары.

Доналд Трамп таксама раскрытыкаваў суддзяў апеляцыйнага суда ў Сан-Францыска, які разглядаў пытанне пра законнасць падставаў суддзі Робарта на прыпыненне дзеяння ўказу.

«Я нават не хачу называць яго перадузятым, так што я не буду называць яго перадузятым. Падаецца, суды вельмі палітызаваныя, і для нашай судовай сістэмы было б цудоўна, калі б яны маглі проста зачытваць пастановы і прымаць слушныя рашэнні», – напісаў Трамп у Тўітары.

Указ «Аб абароне краіны ад уезду замежных тэрарыстаў» Доналд Трамп падпісаў 27 студзеня. Ён прадугледжвае часовую забарону на ўезд у ЗША грамадзянаў сямі мусульманскіх краінаў, а таксама прыпыненне прыёму ўцекачоў. Указ выклікаў хвалю пратэстаў не толькі ўнутры краіны, але і па-за яе межамі.

За кандыдатуру Горсача мусяць прагаласаваць у Сенаце, дзе ягоная незалежнасць ад Трампа ставяць пад сумнеў. Блюменталь пасля сустрэчы прызнаўся, што яшчэ не склаў сваё меркаванне пра кандыдата ў Вярхоўны суд.

«Я яшчэ буду задаваць больш канкрэтныя пытанні. Я чакаю на іх адказы, перш чым я вызначуся, як я буду галасаваць», – сенатар ЗША Рычард Блюменталь.

Крытычныя заявы Горсача акрамя станоўчага эфекту перад сенатарамі могуць прывесці яго і да сутыкнення з прэзідэнтам Трампам, які пакуль ніяк не адрэагаваў на выказванні свайго пратэжэ.

Ігар Віняўскі belsat.eu

Каментары