«Тбілісоба» ў Менску


Усе смакі Грузіі на шчодрым застоллі ў самым цэнтры Менску. І, вядома ж, пад тэмпераментныя спевы! На плошчы Свабоды прайшоў гастранамічны фестываль «Тбілісоба».

Свята ўраджаю з гучнымі шэсцямі, танцамі ды кірмашамі штогод грыміць у сталіцы Грузіі напрыканцы кастрычніка. А ў Менску «Тбілісоба» ладзіцца ўжо другі раз, таксама з размахам і душэўнасцю:

ГЕЛА ДУМБАДЗЭ, ДЗЯРЖАЎНЫ МІНІСТР ГРУЗІІ Ў ПЫТАННЯХ ДЫЯСПАРЫ:

«Сёння вялікае свята, гэта падарунак ад грузінскага народу брацкаму і сяброўскаму беларускаму народу».

Хінкалі, чурчхела, хачапуры – стравы знакамітай на ўвесь свет кухні прапаноўвалі грузінскія рэстарацыі. Што праўда, пакаштаваць іх змаглі самыя цярплівыя – плошчу навадніў шматтысячны натоўп. Даведацца ж сакрэты прыгатавання можна было на майстар-класах ад шэф-кухараў. У лепцы хачапуры, напрыклад, паспрабаваў сябе старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац. На фэсце таксама прапаноўвалася станчыць картулі, саткаць дыван або змайстраваць збан для віна.

НАВЕДНІК СВЯТА:

«Я прыехаў з Расеі, з Іркуцку. У нас цяпер такіх спеваў цудоўных грузінскіх не пачуеш, а ў вас такая добрая цудоўная атмасфера».

НАВЕДНІЦА СВЯТА:

«Ой, вельмі цікава, я брала ўдзел у майстар-класе па хачапуры. Хочаце, вас пачастую? Такое смачнае, аднаму з’есці немагчыма».

НАВЕДНІЦА СВЯТА:

«Паболей бы такіх мерапрыемстваў у нас у Менску, каб хоць бы з дзіцём выйсці пагуляць. Яму вельмі цікава, пачуў грузінскую музыку, пачаў танчыць – ледзьве ўсадзіла ў вазок!».

Мужчынскія аўтэнтычныя спевы сапраўды рабілі свята атмасферным, а ўвечары на плошчы выступіў папулярны ў Грузіі электра-фолк праект «Kahaberi & Khanums».

Іншыя тэмы: Народзіны Таццяны Сапач адзначылі ў Маркаве. Другое літаратурна-музычнае свята «Барадулінкі» ў Віцебску. Ракаў ладзіць фестываль беларускай і польскай культураў.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук belsat.eu