Сяргея Сідорскага адклікаюць у Беларусь: рыхтуецца аперацыя «Пераемнік»?


Чаго баіцца, бадай, кожны дыктатар? Вядома ж, страціць уладу. Бо палёт з найвышэйшае пасады часцяком адбываецца не папросту долу, а найчасцей – у кірунку турмы. Мабыць, менавіта таму тэма аперацыі «Пераемнік» у нашай краінечым далей, тым больш актуальная.

Заснаванне кіроўнае дынастыі Лукашэнак – далёка не адзіны варыянт уладнае структуры для нашае краіны. Акрамя сыноў цяперашняга кіраўніка краіны ў якасці наступніка на найвышэйшай пасадзе краіны перыядычна згадваюцца і буйныя чыноўнікі – ад міністра замежных справаў Уладзіміра Макея да старшыні Савету рэспублікі Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Косінца. А тут яшчэ і чуткі пра вяртанне ў Беларусь былога прэмʼер-міністра Сяргея Сідорскага зʼявіліся. Адным словам – цэлая калода пераемнікаў!

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што ў Беларусі дзейнічае антыадбор, бо Аляксандр Лукашэнка не дае, каб побач з ім былі яркія, харызматычныя персоны. Кіраўнік нашай краіны сказаў пра гэта адкрытым тэкстам, падкрэсліўшы, што «ў Беларусі толькі адзін палітык».

Адзін чалавек у нашай краіне кіруе ўсім, але ў гэтым і пастка, бо ніводзін кіраўнік не вечны, а калі паўстане пытанне, хто замест яго, то побач не будзе харызматыкаў, заўважыў адмысловец. Калі ж нават аперацыя «Пераемнік» пройдзе ўдала, то гэтая пірамідальная сістэма, заточаная на адзінага правадыра, які ўсё вырашае, можа захістацца, мяркуе спадар Класкоўскі.

«Таму што не вельмі аўтарытэтнай будзе наступная фігура і іншыя захочуць яе пахіснуць, і народ абудзіцца ўрэшце, бо Лукашэнка – гэта ўжо эпоха, гэта міф, гэта пэўныя патэрналісцкія чаканні, а пры новым кіраўніку гэтая піраміда можа вельмі хутка захістацца», – заўважыў палітычны аглядальнік.

Сяргей Сідорскі падчас свайго прэмʼерства быў такім жа, як і рэшта кіраўнікоў беларускага ўраду, толькі моцным гаспадарнікам, падкрэсліў адмысловец. Яго вяртанне ў Беларусь не абавязкова звязанае з аперацыяй «Пераемнік», а можа быць выкліканае тым, што Лукашэнка падчас нафтагазавай спрэчкі з Крамлём пагражаў, што адкліча людзей з Еўразійскай эканамічнай камісіі, бо, «маўляў, ніякага толку ад гэтай камісіі няма».

Што датычыць Плошчы-2010 і нібыта планаваных перамоваў апазіцыі з Сідорскім, то няма ніякіх доказаў, што тагачасны прэмʼер падаваў апазіцыянерам сігналы, заўважыў спецыяліст.

«Думаю, ён не камікадзэ. Ён разумее, што ў нашай паліцэйскай дзяржаве ўсё праслухоўваецца, яго б адразу злавілі на перамовах з апазіцыяй. Хутчэй гэта быў міф лідараў апазіцыі, якія між сабой не дамовіліся, плану на Плошчу ў іх не было, таму ім трэба было патлумачыць, чаму яны даволі бязладна таўкліся на гэтай Плошчы, адзін у аднаго мегафон перахопліваючы. Таму гэта быў міф пра Сідорскага. Іншая рэч, што ў самага высокага беларускага начальніка вялікі недавер, і калі нават на Сідорскага чыста выпадкова гэты цень падазрэння ўпаў, то гэтага, магчыма, было дастаткова, каб на нейкі час яго падалей адсунуць. Гэта ўвогуле распаўсюджаны метад у беларускага афіцыйнага лідара, калі часова нейкі чыноўнік трапляе ў апалу і накіроўваецца ў ссылку, і пэўны такі «інкубацыйны перыяд» назіраюць, ці ёсць там нейкі вірус нядобранадзейнасці ці не. Калі віруса няма, то яго зноў могуць рэабілітаваць і вярнуць на высокую пасаду», – заўважыў спадар Класкоўскі.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu