Сяргей Календа прэзентаваў новую кнігу


Новая кніга Сяргея Календы «Падарожжа на край ложка» выклікае складаныя ўражанні. Яна вельмі асабістая, жорсткая, балючая, але і напоўненая любоўю.

Кніга цалкам аўтабіяграфічная. Яна прысвечаная маці пісьменніка, якая перажывала анкалагічную хваробу цягам васьмі гадоў. А разам з ёй гэтае выпрабаванне праходзілі і блізкія. Гэта споведзь сына, поўная самых супярэчлівых пачуццяў: прыняцце абставінаў і нежаданне з імі мірыцца, крыўда на сябе і ўвесь свет, адчуванне, што нічога не можаш зрабіць, і жаданне дапамагчы, падлеткавы эгаізм і бязмежная любоў да маці. Распавесці гэтую гісторыю Сяргею было не проста, кніга пісалася доўга і з надрывам:

«Я даўно хацеў напісаць увогуле кнігу пра маму. Таму што яе жыццё для мяне незвычайнае. Хутчэй быў страх, што калі напішаш пра яе кнігу, то можаш яе страціць. А калі мамы не стала, то я тады вырашыўся».

Сяргею Календзе было важна выказаць свой боль, але на чытача твор можа ўздзейнічаць па-рознаму:

«Гледзячы з якім жыццёвым лёсам чалавек падыходзіць да яе – хтосьці можа плакаць над ёю, а для кагосьці гэта будзе нагода патэлефанаваць маме».

Першым чытачом быў малодшы брат, і Сяргей асабліва перажываў за ягоную рэакцыю. Але яго кранула праўдзівасць сямейнай гісторыі. Сябры пісьменніка лічаць, што гэта самая інтымная ягоная кніга. Такая шчырасць можа нават бянтэжыць, прызнаецца чытач Максім Шапялевіч:

«З аднаго боку, чалавек раскрывае сваю душу, свае перажыванні, свае эмоцыі, а з другога – я як нейкі старонні за ўсім гэтым назіраю ды адчуваю сябе крыху няёмка».

Кніга «Падарожжа на край ложка» невялікая, але гэта не тое чытво, якое можна праглынуць на адным дыханні, – магчыма, праз яе трэба павольна прайсці разам з аўтарам.

Іншыя тэмы:

«Галакост. Усходні фронт» – паглядзець, каб вярнуць памяць.

Асгар Фархадзі байкатуе «Оскар» – хоць намінаваны на ўзнагароду.

Ён не есць і не спіць – у «Вікіпедыі» сядзіць. Хто такі вікі-актывіст?

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, belsat.eu