Сяргей Бульба: Беларускае войска трымаецца толькі, каб прайсці на парадзе


Стваральнік «Белага легіёну» выказаўся пра скандал, які разгараецца вакол беларускай арміі.

Чарговая смерць жаўнера ў вайсковай частцы ў Пячах, здаецца, усё-ткі прарвала мур маўчання вакол таго, што насамрэч адбываецца ў беларускім войску. Пра дзедаўшчыну ў самых вычварных яе формах сведчаць і цяперашнія жаўнеры, і тыя, хто адслужыў і каму пашчасціла вярнуцца з войска жывым.

21-гадовы пінчук Аляксандр Коржыч быў знойдзены павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах пад Барысавам. Паводле блізкіх і сваякоў, малады жаўнер моцна цярпеў ад пастаянных здзекаў, вымагальніцтваў і гвалту з боку старэйшых саслужыўцаў. Пра дзедаўшчыну як магчымую версію трагедыі гаворыць і афіцыйнае следства. Пра пільнае сачэнне за высвятленнем усіх абставінаў смерці Аляксандра Коржыча заявілі і ў Адміністрацыі Лукашэнкі.

У «Гарачым каментары» – стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.

«Магчыма, будзе нехта названы, магчыма, будзе нехта пакараны, але каб змяніць сітуацыю, трэба пачынаць з падставовых рэчаў. Для войска ёсць тры асноўныя матыватары: патрыятызм, ільготы альбо матэрыяльнае забеспячэнне, страх. Чым могуць сённяшнія беларускія афіцэры пахваліцца? Патрыятызму нуль, бо, даруйце, нават паглядзеўшы на тое, што называецца Акадэмія ўзброеных сілаў… Я памятаю, як я яе заканчваў, там відавочны патрыятызм не вітаўся. Наконт матэрыяльнага забеспячэння: $ 300-400 для маладога афіцэра, у якога жонка фактычна часта не можа недзе працаваць, то гэта не тыя грошы, за якія можна трымацца. Страх? А які страх? Звольняць – ён не будзе пакутаваць», – заявіў госць «Белсату».

І дадаў, што не разумее, які ўвогуле сэнс у існаванні войска ў Беларусі ў цяперашнім выглядзе:

«Вось гэтае параднае войска трымаецца толькі для таго, каб прайсці раз ці два на парадзе. Я даўно лічу, што нам трэба прафесійнае войска, хай, гэта будзе 15-20 тыс. жаўнераў, а не 50 тыс., як зараз, гэта будзе нармальнае прафесійнае войска з людзей, якія самі хочуць служыць».

Таксама Сяргей Бульба распавёў пра жудасныя гісторыі падчас службы, пра якія распавядаюць жаўнеры:

«Яшчэ два гады таму я спрабаваў праз медыі давесці інфармацыю аб сцвярджэннях хлопцаў, якія адслужылі ў Мар’інай Горцы, там афіцэры самі ж жаўнерам прадаюць амфетамін. І, даруйце, пасля Мар’інай Горкі выходзяць не дэсантнікі, а наркаманы».