Святлана Калінкіна: Бачу пераемніка для Лукашэнкі


У студыі «Белсату» абмеркавалі прапановы змяніць Канстытуцыю і пашырыць паўнамоцтвы кіраўніка Беларусі.

Канстытуцыю ў Беларусі гвалцілі не раз. І ёсць магчымасць зняславіць яе ізноў. Рэха пра рэферэндум аб зменах галоўнага закону набывае матэрыяльныя формы. Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі прапанавала правесці рэферэндум разам з выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў у 2018 годзе. А ў бюлетэнях мае быць тры пытанні. Сітуацыю пракаментавала журналістка «Белсату» Святлана Калінкіна.

«Увогуле гэты ўкід пра павелічэнне паўнамоцтваў Лукашэнкі, на мой погляд, павінен для дэмакратычнай супольнасці стаць нагодай для вялікай дыскусіі, ці ўвогуле нам патрэбная пасада прэзідэнта. Тым больш што гэта адбываецца ў 20-годдзе рэферэндуму 1996 года, калі Лукашэнка сцвярджаў, што яму толькі часова патрэбныя гэтыя вялікія паўнамоцтвы. Часова – гэта два-тры гады, а тут ужо дваццаць, і адмаўляцца ад паўнамоцтваў ён не збіраецца», – адзначыла журналістка.

Чытайце таксама >>> Рэферэндум у 2018? Лукашэнка распачынае новую палітычную кампанію – эксперты

А таксама адказала на пытанне Сяргея Падсасоннага, ці бачыць яна пераемніка для кіраўніка Беларусі:

«Я бачу. Нават ва ўладзе бачу людзей, якія будуць значна лепшыя, чым Лукашэнка. Больш за тое вам скажу, што нават калі б у Беларусі адбывалася тое, што ў Расеі – Пуцін сышоў, пакінуў трымаць сваю пасаду Мядзведзеву, потым вярнуўся – для Беларусі было б гэта значна лепш. Бо на самой справе галоўная нашая бяда – адчай людзей, якія хочуць нейкіх зменаў. Але яны не разумеюць, як нейкія змены могуць пры Лукашэнку адбыцца».

Пасля вядоўца «Гарачага каментару» папрасіў агучыць прозвішчы імаверных пераемнікаў. На што Святлана Калінкіна заўважыла:

«Прозвішчы ўжо агучваліся. У першую чаргу, безумоўна, кажуць пра старэйшага сына Аляксандра Рыгоравіча, хаця ён сам гэта абвяргае і кажа, што Віктар не гатовы. Пры гэтым мы не ведаем, што думае сам Віктар. Ён курыруе сілавыя структуры, якія могуць вельмі і вельмі паўплываць на канчатковае рашэнне. Ужо не аднойчы гучала прозвішча з колаў, блізкіх да чынавенства, што нават быў прызначаны пераемнік – Косінец. Такая нейтральная фігура, ні вашым, ні нашым, прынамсі проста патрымаць крэсла, такі расейскі Мядзведзеў. І гучала неаднойчы прозвішча міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, як чалавека, які з аднаго боку ўпісаны ў структуру ўлады, а з другога – як чалавека, якога любяць на Захадзе, прымаюць на Захадзе і давяраюць яму. Ну а так па раскладзе сілаў я пакуль не бачу такога патэнцыялу ў Макея, каб ён мог у гэтай барацьбе перамагчы. Людзі на самой справе ў Беларусі ёсць, і ў чынавенстве ёсць: нас 9 мільёнаў, і не толькі Аляксандр Лукашэнка такі разумны. Беларусы – увогуле разумная нацыя».

Больш – у відэа вышэй.