Мастацкая авантура, а дакладней – прыгода: гэтак акрэсліваюць свой праект мастакі з Польшчы, Украіны і Беларусі, якія цягам дзесяці летніх дзён фатаграфавалі мясціны ў паўднёвай частцы Падляшша, шукаючы праяваў шматкультурнасці. Вынікі вандроўкі склаліся ў выставу «Трайны партрэт», якая адкрылася ў Менску.
Як зазначае куратарка выставы з Польшчы Анна Данілевіч, не выпадкова да ўдзелу ў праекце былі запрошаныя маладыя майстры фатаграфіі: «Каб менавіта маладыя артысты з іх уражлівасцю сталіся гэткай лінзай, праз якую мы пабачым гэты рэгіён, яго гісторыю і тое, як ён выглядае цяпер».
Лінза была адмысловая, бо выконваліся здымкі тэхнікаю мокрага калодыю, на спецыяльных пласцінах, каб замест звыклага адлюстравання рэчаіснасці стацца магічным інструментам мастацкага пераўтварэння. Праекту дапамаглі зʼявіцца Польскі Інстытут у Менску і Цэнтр імя Замэнгофа ў межах фестывалю «Усход культуры – іншае вымярэнне».
Старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца адзначыў актыўную культурніцкую дзейнасць Польскага Інстытуту ў Менску: «Такіх інстытутаў я больш не ведаю, якія гэтак актыўна б рэпрэзентавалі культуру не толькі суседняга нам народу, а народу, які нам зусім не чужы – гэта наша блізкая радня».
Беларускі ўнёсак у выставу патройнага бачання належыць фатографу Юрыю Мацюну.
Іншыя тэмы:
1956. Выстава за незалежнасць Вугоршчыны.
420 гадоў таму была падпісаная Берасцейская царкоўная ўнія.
Чатыры гады ішла рэстаўрацыя карціны памерам чатыры метры.
Вольга Гардзейчык, Таццяна Уласенка, «Белсат»