Свабодны тэатр паказаў спекталь пра крымінальныя разборкі ў Кунцаўшчыне


Разборкі на раёне, рэп-батлы і скрадзеныя «Жыгулі»… Свабодны тэатр паказаў спектакль «Онікс» паводле аўтабіяграфічнай п’есы Максіма Даська.

Дзеянне адбываецца ў 1990-ыя ў адным са спальных раёнаў сталіцы – Кунцаўшчыне. Кампанія маладзёнаў слухае рэп-гурт «Онікс», п’е піва ля пад’езду і не чакана для самых сябе ўцягваецца ў звыклыя для таго часу крымінальныя разборкі. Свае адчуванні ролі набліжае актор Аляксей Сапрыкін:

«Кожны настальгуе па сваім юнацтве, бо гэта час, калі было першае каханне, першыя грошы – самыя яскравыя моманты згадваюцца».

Юлія Шаўчук, для якой гэта быў першы досвед рэжысёрства, адзначае, што паставіць спектакль было няпроста – п’еса ўяўляе сабою суцэльны маналог, і нават яго аўтар, Максім Дасько, да апошняга сумняваўся, што за такі тэкст нехта возьмецца.

«Ён варты таго, каб пра яго ведалі. Гэта тэкст, які мусіў быць гуманістычным, але па выніку гуманізму не засталося», – адзначыла Юлія Шаўчук.

У спектаклі граюць маладыя акторы лабараторыі «Fortinbras» пры Свабодным тэатры – адзіным незалежным беларускім тэатры, які існуе ўжо 11 гадоў пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна. Таму пабачыць «Онікс» можна толькі па папярэднім запісе ў сацыяльных сетках.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Два бакі Лявона Вольскага – чаго болей у «Псіхасаматыцы»?

Шляхта часоў караля Баторыя – без зброі, але ў мундурах.

Віцяблянін Іван Салярцінскі і фестываль ягонага імя.

Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык, «Белсат»