Сусветная класіка вярнулася ў цэнтр сталіцы да менскае ратушы


Сусветная класіка вярнулася ў цэнтр сталіцы да менскае ратушы. І наперадзе яшчэ сем суботаў выкшталцонае музыкі.

Гайдн, Моцарт, Штраўс, Чайкоўскі, Вівальдзі – у першы вечар знакамітыя шэдэўры граў ансамбль «Парціта» і Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Анісімава. Канцэрт задумваўся як тры-дэ-феерыя, музычнай дзеі акампанавалі трубачы з ратушнае вежы ды нават званы Кафедральнага сабору.

АЛЯКСАНДР АНІСІМАЎ, ГАЛОЎНЫ ДЫРЫЖОР ДЗЯРЖАЎНАГА СІМФАНІЧНАГА АРКЕСТРУ:

«Мы хочам, каб публіка бачыла ў нас не небажыхароў – маўляў, вось прафесары, акадэмікі! – а музыкаў, якія хочуць падзяліцца сваёй радасцю дачынення з класікаю».

Маэстра Анісімаў распавёў, што канцэрты ля ратушы натхнілі яго на ідэю зладзіць такі фестываль каля філармоніі, і назва ўжо ёсць – «Бульвар Мулявіна». Фармат праменадных еўрапейскіх канцэртаў сапраўды стаўся настолькі ўдалы, што сёлета пастанавілі яго не мяняць, а толькі дапоўніць: з’явіліся вялікія экраны і дзіцячая пляцоўка.

НАТАЛЛЯ КУЦАН, ДЫРЭКТАРКА ФОНДУ «ІДЭЯ»:

«І апроч канцэртаў, у нас цягам тыдня будуць розныя анансаваныя вельмі цікавыя імпрэзы – гэта і майстар-класы, і вольны раяль, і спатканні на карэце. Так што сачыце за намі».

Першым такім сюрпрызам ужо стаў флэш-моб у гандлёвым цэнтры «Галілеа». Нечакана наведнікі кавярні ды афіцыянтка заспявалі «Травіяту». Гэта былі артысты Вялікага тэатру і саліст Цюрыхскай оперы Павел Пятроў. Дарэчы, ён выступіць каля ратушы ў наступную суботу ў вобразе Лючано Павароцці, які пазмагаецца на дуэлі з Фрэнкам Сінатрам. Да канца лета класіка раскрыецца ў розных праявах – ад аўстрыйскіх да беларускіх кампазітараў, ад музыкі барока да саўндтрэкаў з галівудскіх фільмаў.

Іншыя тэмы: У вёсцы Радзюкі на Шаркаўшчыне ўрачыста адкрылі помнік загінулым габрэям. Кася Камоцкая пасля двухгадовага перапынку дала канцэрт у дворыку на плошчы Свабоды.

Аляксандра Дорская, Сяргей Будкін, Ірына Дарафейчук, belsat.eu