Стваральнік беларускай крыптавалюты: Мы не МММ


Сяргей Лаўрыненка, адзін са стваральнікаў Талера, распавядае, чым ён адрозніваецца ад фінансавых пірамідаў, іншых крыптавалютаў і звычайных грошай.

«Беларускі талер – крыптавалюта, створаная на базе блокчэйну на алгарытме lyra2z – больш новым, чымся іншыя папулярныя крыптавалюты (біткоін, лайткоін і г. д.). У больш агульным сэнсе гэта спроба стварыць свой маленькі беларускі праект у выглядзе крыптавалюты», – заяўляе Сяргей Лаўрыненка.

«Мы рабілі гэты праект не для вузкага кола людзей. У Беларусі мноства праграмістаў, гікаў, айцішнікаў, якія разбіраюцца ў блокчэйне. З Талерам мы выйшлі на больш шырокі прастор, каб грамадства, бізнес і грамадскі сектар маглі самі пабачыць, што такое крыптавалюта і блокчэйн, як гэта працуе, і, быць можа, самі пугуляліся ў Талеры», – кажа адмысловец.

«Біткоін існуе ўжо шэсць гадоў, і толькі расце – з ім нічога не здараецца. Можа нешта здарыцца заўтра, але што – ніхто не ведае, бо ўсё залежыць ад чаканняў людзей. Але мы не МММ: мы не абяцаем, што заўтра Талеры будуць каштаваць больш, чым сёння. Мы хочам адыйсці ад тэмы спекуляцыяў – і выкарыстоўваць свой Талер у гаспадарцы – напрыклад, у якасці бонусных балаў», – кажа Лаўрыненка.

«Вельмі важна, што крыптавалюты дэцэнтралізаваныя – у блокчэйну няма гаспадара», – дадае Сяргей Лаўрыненка.

Поўную размову Вольгі Жарнасек з Сяргеем Лаўрыненкам глядзіце ў «Гарачым каментары»