Якім словам блогер абразіў Лукашэнку


У эфіры «Белсату» папулярны відэаблогер пацвердзіў, што ўлады Беларусі інкрымінуюць яму абразу кіраўніка краіны.

Учора ўвечары ў менскую кватэру, дзе раней жыў хлопец, завіталі дзве асобы – прадстаўнік Следчага камітэту і асоба ў цывільным. Былі панятыя, усё спрабавалі зрабіць «боль-менш афіцыйна», кажа блогер. У кватэры на той момант была маці Сцяпана Святлова. У «Гарачым каментары» відэаблогер распавёў падрабязнасці вечаровага візіту прадстаўнікоў улады:

«Усё нечакана і раптоўна адбылося. У гэтай пастанове было напісана, што, маўляў, па заяве нейкай грамадзянкі, магчыма, «фрау А», не ведаю, якая была абураная тым, што я на сваім канале нібыта знеслаўляю гонар і годнасць кіраўніка Беларусі. Следчыя з’явіліся з гэтымі матэрыяламі на канале «NEXTA» і выявілі, што там нібыта ўжываліся абразлівыя выразы на адрас кіраўніка Беларусі. Там гэтыя выразы былі пералічаныя, аднак іх ніхто не паспеў ні запісаць, ні сфатаграфаваць – гэта ўсё хутка адбывалася. Вядома, што адным з такім выразаў была назва відэа «лу…ШЕРЛОК», якое распавядала пра заяву Лукашэнкі, што ён дапамог аднаму чалавеку раскрыць крымінальную справу. То бок слова «лу…ШЕРЛОК» палічылі абразай. Зараз інкрымінуюць самы недарэчны, бессэнсоўны, смешны і палітычны артыкул, 368-ы, «абраза прэзідэнта». Канфіскавалі тэхніку, ноўтбук, не ведаю навошта, якім карыстаўся мой брат, старую малую відэакамеру, на якую нічога не здымалі, у свае спецпакеты. Быў нейкі пратакол агляду. Сказалі чакаць на нейкую пастанову, якая павінная прыйсці на пошту. Я не ведаю, як ім гэта дапаможа, ніякіх абразаў, нічога забароненага, вядома, ніколі не было».

Хлопец кажа, што ў краіне, нягледзячы на размовы пра «лібералізацыю», працягваецца ціск на незалежныя медыі, а цяпер яшчэ ўзяліся і за блогераў.

Сцяпан Святлоў заўважае, што тыдзень таму быў у Беларусі, і ніхто не спрабаваў з ім звязацца. На думку блогера, магчыма, улады далі яму магчымасць выехаць з краіны (Сцяпан навучаецца ў Польшчы), каб не было новых палітычных вязняў, пры гэтым намякнуўшы, каб ён не вяртаўся.

Больш – у відэа вышэй.

НМ, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа Следчы камітэт