«Стратэгічны партнёр»: Расея і ЗША зноў глядзяць на Кубу


Рэвалюцыя рэвалюцыяй, а эканоміка на першым месцы. У сталіцу Кубы прыляцелі не толькі прэзідэнты-сацыялісты, каб ушанаваць памяць Фідэля Кастра, але і камерцыйны рэйс са Злучаных Штатаў. Гэта першы за паўстагоддзя рэйс з Маямі ў Гавану. Аднак пасажыраў «American Airlines» сустракалі без музыкі: улады Кубы абвесцілі дзевяцідзённую нацыянальную жалобу.

Найбольш глыбокую пашану памерламу Фідэлю Кастра выказваюць таварышы па сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Правадыр Паўночнай Карэі і генеральны сакратар Кампартыі Кітаю выказалі спачуванні кубінскаму народу праз амбасады ў Пхеньяне і Пекіне адпаведна. Прэзідэнты Балівіі і Венесуэлы прыбылі пакланіцца Фідэлю асабіста.

«Венесуэла з вамі. Баліварыянская рэвалюцыя з вамі. Каб сказаць нашым братам, што мы ўсё яшчэ трымаемся. Мы застаемся разам з Фідэлем, сёння больш, чым калі-кольвек», – заявіў прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура.

Ад самога Фідэля пасля крэмацыі застаўся толькі попел. Урну з прахам былога кіраўніка перанясуць у горад СантЯга-дэ-Куба, адкуль пачалася кубінская рэвалюцыя. Для прэзідэнта Кубы Рауля Кастра смерць брата прыбрала апошнія перашкоды, каб дамагчыся глыбейшых дачыненняў з капіталістычнай Амерыкай, што дасць шанец выцягнуць эканоміку з глыбокага крызісу. Аднак тут могуць перашкодзіць рэзкія заявы новаабранага прэзідэнта ЗША. Доналд Трамп у сваім акаўнце ў «Тўітэры» прыгразіў разарваць угоду аб нармалізацыі стасункаў між Гаванай і Вашынгтонам, падпісаную Баракам Оўбамам.

«Калі Куба не імкнецца падпісаць угоды, яшчэ лепшай для кубінцаў, для кубінскіх амерыканцаў і ўсяго народу ЗША, то я адмяню дзейную ўгоду», – сказаў Трамп.

Адразу пасля смерці Фідэля Кастра Трамп назваў таго жорсткім дыктатарам, а Кубу – востравам таталітарызму. Кубінскія эмігранты ў ЗША пераважна падтрымліваюць такую пазіцыю Трампа. На радыё «Mambi» (Маямі, ЗША) адзначаюць, што пасля смерці Фідэля ім без перапынку тэлефануюць слухачы і распавядаюць свае гісторыі рэпрэсіяў і ўцёкаў з гэтак званага Востраву Свабоды.

«Мы будзем распавядаць кубінцам, што гэта яшчэ не канец, і хоць Фідэль Кастра памёр, на Кубе дагэтуль застаецца дыктатура. І пакуль дыктатура не сыдзе, Куба не будзе свабодная», – кажа дыктарка «Mambi» Ніноска Пэрэс.

У Белым доме на заявы Трампа рэагуюць асцярожна, і абяцаюць, што ў бліжэйшым часе дачыненні з Кубай не зменяцца.

«Прэзідэнт Оўбама казаў пра гэта ў сваім апошнім замежным туры – што ёсць розніца між заявамі кандыдата на пасаду і сапраўднай складанай працай кіравання», – кажа прэс-сакратар Белага дому Джош Эрнэст.

Жорсткія заявы Трампа могуць быць толькі спосабам залагодзіць ягоных найбольш радыкальных прыхільнікаў, кажуць эксперты. Варта будзе глядзець на ягоныя ўчынкі пасля інаўгурацыі ў студзені. А поўнае зняцце з Кубы эканамічнага эмбарга, якога чакае Рауль Кастра, залежыць ад Кангрэсу, а не прэзідэнта ЗША.

Філіп Брэнэр са Школы міжнародных стасункаў Амерыканскага ўніверсітэту лічыць, што Злучаным Штатам выгадныя добрыя дачыненні з Кубай.

«Калі прэзідэнт Трамп абярэ папракаць Кубу, калі паспрабуе навязаць ёй уласныя погляды, то нічога не выйдзе. Думаю, ён гэта разумее. Некаторыя рэчы, сказаныя абраным прэзідэнтам Трампам, могуць быць сімвалічнымі, спробай звярнуцца да сваёй выбарчай базы, але не думаю, што ён моцна зменіць замежную палітыку. Шмат каму з ягоных прыхільнікаў падабаецца сённяшняя палітыка», – кажа Брэнэр.

У расейскім Міністэрстве замежных справаў выказванні Трампа аб Фідэлю Кастра назвалі «жорсткімі ды зняважлівымі». Разам з тым Федэральная служба вайскова-тэхнічнай супрацы прапанавала кубінскім уладам правесці мадэрнізацыю ўзбраення і ваеннай тэхнікі савецкай і расейскай вытворчасці. Улады Расеі называюць Кубу сваім стратэгічным партнёрам у рэгіёне.

Яраслаў Сцешык