Стэфановіч: Пагроза скаціцца ў рэпрэсіі будзе заўсёды


Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. Ацэнка нашых рэаліяў, якую шмат хто можа падмацаваць уласнымі назіраннямі, мае і экспертнае абгрунтаванне. Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў аналітычны даклад «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2017-м годзе».

Паводле Валянціна Стэфановіча, на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў 2017-ым паўплывалі унутраныя і вонкавы чыннікі.

«Акцыі недармаедаў паўплывалі на пачатак рэпрэсіяў, паколькі ўлады расцанілі гэта як пагрозу дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Ім стала не да гульняў у лібералізацыю, а захаванне сітуацыі пад кантролем прэваліравала над жаданнем лібералізацыі», – кажа праваабаронца.

Толькі сістэмныя змены на ўзроўні заканадаўства могуць зрабіць сітуацыю стабільнай, бо практыку можна мяняць у розныя бакі, і пагаршэнне сітуацыі можа адбыцца ў любы момант, кажа госць студыі.

«Лукашэнка зацікаўлены ў захаванні стабільнасці рэжыму, таму любыя выклікі, як пратэсты грамадзянаў, уяўляюць пагрозу. Таму пагрозы скаціцца ў рэпрэсіі будуць існаваць заўсёды», – кажа Стэфановіч.

Цалкам размову з Валянцінам Стэфановічам глядзіце ў «Гарачым каментары»