Свет Стаўкі як ніколі высокія! У ЗША вызначалі патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва


ЗША рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў. Першыя ўнутрыпартыйныя галасаванні па вылучэнні кандыдатаў ад дэмакратаў і рэспубліканцаў прайшлі ў штаце Аёва. Вынікі праймарыз пакуль значна адрозніваюцца ад уступных прагнозаў.Перамога рэспубліканца Тэда Круза шмат для каго была нечаканаю. У Аёве, паводле ранейшых апытанняў, фаварытам лічыўся ягоны галоўны супернік і аднапартыец мільярдэр Доналд Трамп.

ТЭД КРУЗ, ПАТЭНЦЫЙНЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:«Стаўкі як ніколі высокія! Цяпер або ніколі! Мы стаім на краі абрыву і глядзім уніз. Калі мы працягнем ісці ў тым жа кірунку яшчэ 4 ці 8 гадоў, мы рызыкуем зрабіць непапраўную шкоду нашай краіне».

Сам Круз першыя вынікі ўнутрыпартыйных выбараў лічыць толькі пачаткам шляху да перамогі.

ТЭД КРУЗ, ПАТЭНЦЫЙНЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:«Сёння Аёва абвесціла, што кандыдата ад Рэспубліканскай партыі і будучага прэзідэнта ЗША будуць выбіраць не медыі ці лабісты, але самая магутная ў краіне сіла – амерыканскі народ!»

А ў лічбах вынікі першага праймарыз выглядалі наступным чынам: Тэд Круз набраў 28 % галасоў, Доналд Трамп – 24 %. Апошні паабяцаў яшчэ больш зацятую выбарчую кампанію.

ДОНАЛД ТРАМП, ПАТЭНЦЫЙНЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:«Мы пойдзем далей, каб атрымаць намінацыю Рэспубліканскай партыі. Мы пойдзем па лёгкаю перамогу ці то з Гілары, ці з Бэрні, ці, чорт пабяры, з іншымі, каго супраць нас кінуць. Аёва, мы любім цябе! Мы дзякуем табе!»

Таксама першую бітву за кандыдацтва на прэзідэнцтва ў Аёве прайшлі і дэмакраты. На першым месцы апынулася былая дзяржсакратар Гілары КлІнтан. З нязначным адрывам ідзе сенатар ад штату Вэрмонт Бэрні Сэндэрс.

ГІЛАРЫ КЛІНТАН, ПАТЭНЦЫЙНАЯ КАНДЫДАТКА НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:«Якая неверагодная ноч! Якая выдатная кампанія! Гонар для мяне было ўдзельнічаць у гэтай кампаніі з вамі. Важна пабачыць, чаго мы хочам у будучыні для Дэмакратычнай партыі і ўсёй Амерыкі».

Хто яны галоўныя ўдзельнікі праймарыз? Рэспубліканец Тэд Круз лічыцца ўльтракансерватыўным палітыкам. Выступае супраць абортаў і легалізацыі аднаполых шлюбаў. Ягонага ўнутрыпартыйнага канкурэнта Доналда Трампа заходнія медыі называюць папулістам. Ён заклікае забараніць уезд у ЗША мусульманам, а таксама абараняе расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. За гэта Трамп цешыцца прыхільнасцю дзяржаўных медыяў у Расеі.Былая дзяржсакратар ЗША Гілары КлІнтан. Яе дзейны прэзідэнт ЗША Барак Оўбама называе сваёй сяброўкаю. Клінтан абяцае ўзяць пад жорсткі кантроль продаж зброі грамадзянам. Дэмакрат Бэрні лічыць сябе дэмакратычным сацыялістам.

БЭРНІ СЭНДЭРС, ПАТЭНЦЫЙНЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:«Калі маладыя людзі, працоўныя і пенсіянеры ўголас кажуць «хопіць» – гэта азначае, што ўлада ў нашай краіне прыналежыць усім нам, а не жменьцы мільярдэраў!»

Унутрыпартыйныя выбары кандыдатаў на прэзідэнцтва ЗША працягнуцца некалькі месяцаў. У сакавіку праймарыз адбудуцца ажно ў 12 штатах. Выбары пройдуць сёлета 8 лістапада.ЯБ, «Белсат»

Тэгі: ,
Каментары