Статкевіч: Табло з рэкламай канцэрту – дадатковая замануха пасля сённяшніх арыштаў


Апазіцыйны палітык па-ранейшаму заклікае прыйсці на шэсце ў дзень стагоддзя БНР.

Мікола Статкевіч, ля дому якога дзяжураць міліцыянты, імаверна, збіраючыся затрымаць палітыка, выступіў у «Гарачым каментары». У эфіры «Белсату» ён заявіў:

«Я ніколі не супрацьпастаўляў шэсце і канцэрт. Гэта быў наш супольны агульны план, гэта ўлады яго раздзялілі, гэтак жа як апазіцыю – нават яны не раздзялілі апазіцыю, апазіцыя даўно ўжо непадзельная і гэта Беларускі нацыянальны кангрэс. Усё астатняе – імітацыя апазіцыі. Дык вось улады проста, так бы мовіць, абазначылі тое гета, у якім мы можам святкаваць. У якасці дадатковай, як моладзь зараз кажа, «заманухі» пасля арыштаў яшчэ і табло гэтае дазволілі, яшчэ нейкую там фішку. Галоўнае, што прыходзьце толькі ў гэтую загародку, пакіньце ўсе пратэстныя лозунгі, паслухайце дазволеныя прамовы аратараў, ну а далей слухайце музыку, весяліцеся. Не лезьце ва ўладу, не чапайце ўладу – вось асноўны мэсідж. Я не асуджаю, наадварот вельмі ўхваляю арганізатараў канцэрту, яны справу сваю зрабілі нармальна і робяць яе, але я для тых, хто па сваёй назве, да палітычнай апазіцыі звяртаюся: вы проста абавязаныя змагацца за свабоду краіны. У нас у Еўропе адзіная краіна, дзе няма выбараў, адзіная краіна, дзе не лічаць галасы, дзе знішчаюць усё нацыянальнае, ужо проста знішчылі яго. У нас адзіная краіна, дзе такі вось кіраўнік. І нам прапануюць проста за канцэрт, за банэр з гэтым скарыцца і не чапаць гэтую ўладу».

Нагадаем, сёння на вялікім экране ў цэнтры Менску, на сцяне гандлёвага цэнтру «Галерэя», з’явілася рэклама санкцыянаванага канцэрту ў гонар 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Фотаздымак на застаўку да відэа БелТА