«Стары Ольса»: Мы не кавэр-бэнд!


Пасля працяглых гастроляў за акіянам гурт «Стары Ольса» вярнуўся на Радзіму і разам з прыхільнікамі адзначыў 17-годдзе сваёй творчай дзейнасці.

На сваім канцэрце ў менскім ДК МАЗ музыкі прэзентавалі альбом «Medieval Classic Rock», які выйшаў у ЗША. Ён змясціў сусветныя рок-гіты, сыграныя на старажытных інструментах. Але музыкі просяць іх не называць кавэр-бэндам.

«Мы не кавэр-бэнд, мы засталіся вернымі сярэднявечнай музыцы. Засталіся вернымі, нягледзячы на 58 канцэртаў у Амерыцы, з якіх толькі адзін быў прысвечаны кавэр-версіям рок-класікі. Усё астатняе – гэта сярэднявечная музыка. І мы ганарымся тым, што засталіся медыявальным гуртом», – кажа музыка гурту Зміцер Сасноўскі.

Болей бавіцца з кавэрамі «Стары Ольса» не збіраецца. У музыкаў багата ўласнага матэрыялу, які трэба запісаць. Некаторыя новыя песні прагучалі на гэтым канцэрце.

«Гэта застольная культура Вялікага Княства Літоўскага – менавіта тое, што выконвалася ў корчмах. Гэта не тое ўяўленне нашае сучаснае, што такое застольная культура і застольная музыка. Гэта сурёзныя балады пра герояў, пра заснаванне гістарычных гарадоў, пра некаторыя паходы. Гэта песні, прысвечаныя алкагольным напоям, але гэта ўсё разам», – працягвае Зміцер Сасноўскі.

Гэтаю зімою «Стары Ольса» збіраецца пачаць запіс «Застольнага альбому», каб прэзентаваць яго ў сярэдзіне наступнага года.

Іншыя тэмы: Навуковая канферэнцыя ў Коласаўскім тэатры.

«Гісторыю сярэднявечнай Еўропы V–XV стагоддзяў» Алега Трусава прэзентавалі ў Горадні.

Гомельскі гурт «Gods Tower» адзначыў канцэртамі 20-годдзе альбому «The Turns».

Ірына Дарафейчук, Сяргей Будкін, belsat.eu