Агляд падзеяў культуры Старт «Хранатопу»: аналагаў у свеце няма!


 

У менскай кінашколе адбылася сустрэча з камандаю «Хранатопу» – праекту, аналагаў якога, сцвярджаюць аўтары, не было яшчэ ў кінасвеце. У «Хранатоп» уваходзяць кароткія гісторыі, знятыя рознымі рэжысёрамі, але ў пэўнай ступені звязаныя міжсобку. Працягласць кожнай навелы – не больш за сем хвілінаў, праз што нарадзіўся панятак «тўітэр-кіно».Кіраўніком праекту выступіў рэжысёр Андрэй Кудзіненка:«Гэта такія міфалагічныя гісторыі пра сучаснасць. Гэта могуць быць парадоксы, коаны – беларускі дзэн такі. Там не можа быць ніякай традыцыйнасці, максімальна патрэбны радыкалізм, мінімалізм і антыцэнзура – усё».Матэрыял для сцэнароў навелаў быў узяты з твораў Адама Глобуса, Віктара Марціновіча, Артура Клінава. Разам з Кудзіненкам над «Хранатопам» працаваў шэраг таленавітых рэжысёраў, сярод якіх Януш Гаўрылюк і Аляксандр Дэбалюк. Праект на гэтым не закрыты, да яго далучаюцца новыя творцы – як маладыя, гэтак і заслужаныя. Напрыклад, сваю навелу збіраецца рабіць рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў.Распавядае рэжысёр Аляксандр Дэбалюк:

«Праект «Хранатоп» толькі пачынаецца. З тых навелаў, якія знятыя, пачынаецца першы этап, за ім будзе і другі, і трэці, і чацвёрты. Самае галоўнае, каб гэты праект стаў аўтаномным, незалежным, самадастатковым, які прыцягвае розных аўтараў, крэатараў, якія ў выніку маглі б самі працаваць. Ну, і гледачы павінны ўдзельнічаць у гэтым працэсе».

«Хранатоп» ацанілі гледачы ды крытыкі. Праект ужо атрымаў прыз на расейскім кінафестывалі «Кінашок» і быў паказаны на фестывалях «Бульбамуві» ды «Лістапад».Іншыя тэмы: «Artur Dutkiewicz Trio», адзін з найлепшых калектываў польскай джазавай сцэны, – з канцэртам у Берасці. У Гомлі – аўтар «Пластылінавай вароны», «Нязнайкі на Поўні» ды іншых гітоў, кампазітар Грыгорый Гладкоў. У снежні ў Беларусь прыедуць арыгіналы Гоі ды Пікасо.Сяргей Будкін, Вольга Гардзейчык, «Белсат»

Каментары