Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі Цёткі – за найлепшую кнігу для дзяцей


У Менску прайшло ўручэнне прэміі імя Цёткі за найлепшую дзіцячую кнігу ды ілюстрацыі да яе.

Прэмія ўручаецца ўжо другі раз, і сёлета пераможцы ў абедзвюх катэгорыях Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў – аўтары адной кнігі: «Айчына: маляўнічая гісторыя». Кніга выбітнага гісторыка і таленавітага мастака бліскуча апісвае і набліжае візуальна падзеі нашай мінуўшчыны, і яна ўжо палюбілася аўдыторыі – на аўтограф-сесіях аўтараў збіраюцца чэргі.

Праілюстраваць кнігу – гэта як пражыць жыццё, кажа мастак Павел Татарнікаў: «Калі мастак пачынае ілюстраваць дзіцячую кнігу, ягоны гадзіннічак жыццёвы спыняецца, і ён пачынае жыць другое жыццё вось там у гэтай кніжцы, як заканчвае ілюстраваць – цік-так, ходзікі зноў пайшлі ў жыцці. У гэтым сэнсе мастакі пражываюць шмат жыццяў».

Прэмію за дзіцячую кнігу і ілюстрацыю заснавалі Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і дабрачынны фонд «Вяртанне». А апякункай яе абраная напраўду культавая для Беларусі асоба: паэтка і палітычная барацьбітка Алаіза Пашкевіч, моцная характарам і адначасова далікатная харызматычная жанчына, аўтарка «Першага чытання для дзетак беларусаў» і заснавальніца першай беларускай школы ў Вільні.

Алаіза Пашкевіч, або Цётка, усё жыццё надзвычай высока ставіла менавіта нацыянальную адукацыю беларусаў. Не абыякавы да яе і пісьменнік, пераможца прэміі Уладзімір Арлоў: «У школе яшчэ яе вывучалі. Яна – мая гераіня, гераіня маёй кнігі «Імёны свабоды», у беларускім строі там вось, як цяпер я бачу, стаіць на паштоўцы з дзяўчынай юнай».

Тым часам аўтары «Айчыны» лічаць, што дзіцячая літаратура ў нашай краіне развіваецца вельмі млява, таму прэмія імя Цёткі можа быць добрым стымулам пісаць для дзетак сапраўды якасныя творы.

Марыя Арцыбашава, Вольга Гардзейчык

Іншыя тэмы:

  • Род Радзівілаў і яго скарбы – у Гомлі;
  • Фэст «Непратаптаны шлях» і артысты-аматары з інваліднасцю – часам мацнейшыя за прафесіяналаў;
  • У Нью-Ёрку – японскі мадэльер замест гендарных адрозненняў шукае падабенствы.