Спецаперацыя ў Бельгіі: Праціўнік ІД пагражаў выбухам


«Сітуацыя пад кантролем. Мы атрымалі грунтоўную інфармацыю пра здарэнне. У сваю чаргу службы бяспекі надзвычай пільна адрэагавалі і рэагуюць надалей», – заявіў прэмʼер-міністр Бельгіі Шарль Мішэль.

Падчас правядзення антытэрарыстычнай аперацыі праваахоўнікі паведамілі, што гэтак званы «пояс шахіда» затрыманага мужчыны ўяўляў сабою муляж з солі і печыва. А таму пагроза выбуху была цалкам выключаная.Вось як апісала сітуацыю намесніца пракурора Бруселю Рым Кешыш:

«Гэты чалавек ужо вядомы паліцыі, у тым ліку праз псіхалагічныя праблемы са здароўем. Ён трапляў у поле зроку пракуратуры, а зусім нядаўна паведаміў, што жадае ехаць у Сірыю, каб змагацца там з «Ісламскаю дзяржаваю». У сувязі з гэтаю заявай былі апытаныя некалькі асобаў, але да цяперашняга часу не ўдалося ні пацвердзіць, ні зняпраўдзіць гэтай інфармацыі».

На мінулым тыдні ў гандлёвым цэнтры «City 2» былі ўзмоцненыя захады бяспекі пасля паведамленняў у медыях пра магчымыя тэракты ў бельгійскай сталіцы. У суботу мясцовыя праваахоўнікі арыштавалі адразу 12 асобаў, якіх падазраюць у рыхтаванні тэрарыстычных атакаў падчас прагляду матчаў «Еўра-2016» у месцах канцэнтрацыі футбольных заўзятараў. А на пачатку чэрвеня спецслужбы Нямеччыны перадухілілі тэракты ў Дусэльдорфе.22-га сакавіка ў бельгійскай сталіцы ў выніку падвойнага тэракту загінулі больш за 30 асобаў, яшчэ больш за 250 атрымалі раненні. Адказнасць за гэтыя напады ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава». З гэтага часу ўлады Бельгіі захоўваюць у краіне высокі ўзровень тэрарыстычнае пагрозы.Віталь Бабін