Складаная гісторыя бабруйскага касцёлу




Не кожны жыхар Бабруйску ведае, што ў горадзе ёсць касцёл – помнік неаготыкі, пабудаваны ў 1906 годзе. Але пабачыць яго можна толькі з двара. У шасцідзясятыя гады вежу са званіцаю зруйнавалі ды на яе месцы з боку вуліцы да касцёлу прыбудавалі 5-павярховы дом.

«Адна са сценаў – гэта наша сцяна, і частка даху – гэта наша вежа, якую знеслі да пэўнага ўзроўню, але яна застаецца», – зазначае ксёндз касцёлу Андрэй Яркавец.

Касцёл вярнулі вернікам на пачатку 90-х. Але прыбудова засталася, і толькі праз яе можна трапіць у святыню. Акцыянернае таварыства «Бабруйскбудкомплекс», якому прыбудова належыць цяпер, перабывае на мяжы банкруцтва.

«Тут няма ні святла, ні вады. Тыя, хто працаваў у гэтым будынку, усю зіму былі без ацяплення», – распавядае Наталля Волах, ініцыятарка збору подпісаў за зруйнаванне прыбудовы.

Прыбудову двойчы безвынікова выстаўлялі на аўкцыён, шматгадовыя перамовы з уладамі таксама вынікаў не далі, таму вернікі пастанавілі сабраць подпісы пад прапановаю зруйнаваць будынак. Вярнуць жа каталіцкай святыні пачатковы выгляд людзі плануюць самі.

Гэта падкрэслівае і ксёндз Андрэй Яркавец:

«Аднавіць выгляд мы б маглі і сваймі сіламі, вежу аднавіць. Але нам не пад сілу разабраць сам будынак, мы б хацелі дапамогі ўладаў».

Збор подпісаў працягнецца да канца сакавіка, пасля іх перададуць мясцовым уладам. Бабруйск сёлета прызначылі культурнаю сталіцай Беларусі, жыхары спадзяюцца, што гэта паспрыяе станоўчаму развязанню праблемаў.

Іншыя тэмы: «Міжнародны джаз у Менску» – амерыканскія і ізраільскія музыкі ў філармоніі; Уладзімір Някляеў і Зміцер Вайцюшкевіч у Вільні прэзентавалі справаздачу да дзесяцігоддзя супольнай творчасці.

Чытайце таксама:

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, belsat.eu