Гарачы каментар Скандал ва Універсітэце культуры: чыё глупства?


Не паспеў Аляксандр Лукашэнка сказаць пра тое, што не зусім ёсць чым ганарыцца ў Беларускай народнай Рэспубліцы, як верныя служкі сістэмы кінуліся выконваць нават не загад, а тое, што ў гэтых словах пачулі.

Валерыя Філіпенка, выкладчыца кафедры міжкультурнага абмену і куратарка адной з груп БДУКІ правяла са сваймі студэнтамі куратарскую гадзіну па тэме «Ігнараванне дня волі». 25 сакавіка было названа імпрэзай, якая супярэчыць дзяржаўнай ідэалогіі Рэспублікі Беларусь. Са студэнтаў былі сабраныя подпісы. Грамадскі актывіст Юрась Лукашэвіч зрабіў фотаздымак дакументу і вывесіў яго ў Сеціве.

«Я думаю, што гэта была ініцыятыва дэканата альбо рэктарата. Паперу мы атрымалі ад студэнтаў», – расказаў актывіст у «Гарачым каментары».

Аднак звяртае на сябе ўвагу факт, што ў гэты ж час іншыя выкладчыкі праводзілі са студэнтамі гутаркі на зусім іншую тэму – пра Хатынь.

«Акадэмія Навук, некаторыя палітыкі ўжо прызнаюць, што 25 сакавіка – гэта дата, якая адрадзіла незалежнасць, што мы пераемнікі БНР. А тут такая тэма… Гэта вельмі неразумна», – крытыкуе пазіцыю выкладчыцы актывіст.

Толькі траціна падпісаліся пад дакументам

«Магчыма, там зараз ужо 21 подпіс стаіць. Гэта не толькі з’ява, характэрная для БДУКІ. Ёсць факты, што БНТУ дае выходныя на суботу, нядзелю, панядзелак, каб студэнты зʼехалі з гораду і не пайшлі на мітынг-канцэрт», – лічыць актывіст.

Юрася таксама некалі разоў адлічвалі з універсітэту. Але ён раіць студэнтам ісці на Дзень Волі.

«Вядома, трэба ісці на Дзень Волі, бо гэтае свята будзе раз у сто год. Яно цалкам санкцыянавана. Па-другое, я раю студэнтам не маўчаць і не баяцца. Бо калі ты кажаш пра гэта, то спыняеш магчымыя будучыя рэпрэсіі ў дачыненні да астатніх. Зараз ідзе кампанія разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна», каб спыніць рэпрэсіі супраць студэнтаў. Вядома, што зараз ідуць затрыманні, і яны яшчэ будуць (сёння былі арыштаваныя Максім Вінярскі, Вячаслаў Сіўчык і Уладзімір Някляеў – рэд.). Гэта вельмі дурны крок з боку ўладаў, але гэта дата, якая павінна нас абʼядноўваць», – кажа актывіст.

Больш глядзіце ў відэа.

Фота: Марыя Плотнікава, expert.ru

 

Каментары