Свет Скандал у ЗША: паліттэхнолаг Трампа дапамагаў дыктатарам


https://www.youtube.com/watch?v=s-iSI8jG4ZIАпошні ў гэтай выбарчай кампаніі супераўторак прайшоў у Злучаных Штатах. Праймарыз адбыліся адначасова ў 5 штатах. Палітычныя каментатары канстатуюць, падзея не прынесла нечаканасцяў, Клінтан і Трамп застаюцца лідарамі перадвыбарчай гонкі.У рэспубліканцаў барацьба ішла за 172 галасы дэлегатаў. Фаварыт ад гэтай партыі – Доналд Трамп – перамог ува ўсіх пяці штатах, дзе праходзіла галасаванне. Пасля перамогі мільярдэр назваў сябе «верагодным кандыдатам», хоць і не сабраў яшчэ неабходнай колькасці галасоў дэлегатаў, патрэбнай для аўтаматычнага вылучэння. Затое Трамп значна павялічыў адрыў ад сваіх канкурэнтаў Тэда Круза і Джона Кейсіка. У пераможнай прамове ён заклікаў іх зняцца з гонкі.

ДОНАЛД ТРАМП, ПРЭТЭНДЭНТ У КАНДЫДАТЫ НА ПРЭЗІДЭНТА:«Усё скончана. Наколькі я гэта разумею, усё скончана. Гэтыя два хлопцы не могуць перамагчы. Для гэтага няма ніякай магчымасці».

Адначасова з канстатацыяй папулярнасці скандальнага палітыка медыі выкрываюць і кампрамат на яго. Газеты «Financial Times» і «Washington Post» апублікавалі артыкулы пра тое, што новым кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа стаўся Пол Мэнафарт, паліттэхнолаг, паслугамі якога карысталіся ангольскі лідар Жонас Савімбі, саудаўскі ўрад і дыктатар Філіпінаў Фэрдынанд Маркас. У 2000-ых гадах Мэнафарт доўгі час працаваў на былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

«FINANCIAL TIMES»,«ЦЁМНАЕ» МАСТАЦТВА НА УКРАІНЕ:«Дэпеша ад 2005 года, напісаная Джонам Гэрбстам, які тады займаў пасаду амбасадара ЗША ва Украіне, апісвае наём Мэнафарта як спробу выправіць вобраз «Партыі рэгіёнаў» Януковіча «са зборышча монстраў у легітымную палітычную партыю» з дапамогаю «глыбокіх кішэняў хроснага бацькі Данецкага клану Рыната Ахметава».

Газеты раскрылі арсенал трукаў, апрабаваных і запазычаных з украінскай палітыкі, а цяпер не чужых і амерыканскаму кандыдату: «цітушкі», інтэрнэт-тролі, праплочаныя ўдзельнікі мітынгаў. Нягледзячы на гэтыя звесткі Трамп у пераможнай пазіцыі. Мільярдэр мае цяпер 949 галасоў дэлегатаў, амаль удвая больш за свайго найбліжэйшага суперніка Тэда Круза. Да намінацыі на кандыдата на прэзідэнцтва ў ЗША Трампу не стае 288 галасоў.У дэмакратаў адрыў не такі паказальны. Гілары Клінтан, лідар гэтай гонкі, пасля перамогі ў 4 з 5-ці штатаў, мае падтрыманне 1640 дэлегатаў ды апераджае найбліжэйшага суперніка Бэрні Сэндэрза на 309 галасоў. Былая дзяржсакратарка пачуваецца ўпэўнена, суперніка не атакуе ды нават звяртаецца да ягоных прыхільнікаў.

ГІЛАРЫ КЛІНТАН, ПРЭТЭНДЭНТКА Ў КАНДЫДАТЫ НА ПРЭЗІДЭНТА:«Я ведаю, што разам мы шмат зробім, таму няважна, ці падтрымліваеце вы сенатара Сэндэрза, ці падтрымліваеце мяне, нас нашмат больш яднае, чым дзеліць».

У траўні ды на пачатку чэрвеня ўсіх кандыдатаў чакаюць праймарыз у апошніх чатырох штатах, пасля чаго кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ад партыяў будуць вылучаць з’езды дэлегатаў. Самі ж выбары прэзідэнта ЗША запланаваныя на 8 лістапада гэтага года.НН, belsat.eu

Каментары