Шумчанка – Лукашэнку: Нічога асабістага, але краіну трэба захаваць незалежнай і зрабіць багатай


Лідар рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка ў эфіры «Белсату» звярнуўся да кіраўніка Беларусі.

Малы і сярэдні бізнес – найважнейшы складнік устойлівага развіцця эканомікі Беларусі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на спатканні з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Запрашэнне, на сустрэчу з кіраўніком Беларусі, аднак, атрымалі не ўсе.

Лукашэнка заявіў, што праглядаючы раніцай медыі, заўважыў некаторую крыўду з боку пэўных палітызаваных структураў – нібыта іх не запрасілі на спатканне. Каго меў на ўвазе кіраўнік краіны, ведае лідар аб’яднання прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка, які стаў госцем «Гарачага каментара».

У эфіры «Белсату» ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі:

«Аляксандр Рыгоравіч, акрамя нас – РГА «Перспектыва» і мяне асабіста – вам ніхто не скажа праўды, якая сёння ёсць у нашай краіне ў плане індывідуальных прадпрымальнікаў.

Мы – бясцэнны рэсурс для ўладаў, без ацэнкі рэальнага становішча рэчаў вы не зможаце рухацца далей, вы не зможаце рабіць правільных беспамылковых крокаў.

Нам прыемна, што вы нас заўважаеце, нейкіх крыўдаў у нас няма, бо мы не пра асабістае гаворым, а пра краіну ў цэлым. Апасродкавана вы чуеце нас, ведаеце пра нашыя праблемы, але сёння гэтага мала. Надышоў час вырашаць праблемы, надышоў час прыбраць камяні з дарогі індывідуальных прадпрымальнікаў. Асноўныя праблемы, а іх усяго толькі некалькі, у ІП рознічнага гандлю засталіся, і бліжэйшым часам будзем іх вырашаць. Вельмі спадзяюся, што гэта будзе зроблена канструктыўным цывілізаваным шляхам. Мы гаворым праўду, якая пойдзе нашай краіне толькі на карысць. А таму нічога асабістага, толькі агульная справа, а агульная справа ў нас з вамі адна – захаваць нашую краіну незалежнай, зрабіць яе багатай, зрабіць, каб прадпрымальніцтва развівалася, каб нас (ІП) было не 200 тыс., а паўмільёны-мільён. Тады ў нас будзе годная краіна, годная эканоміка, годныя паказчыкі. Калі вы гэтыя мэты раздзяляеце, то ніякіх крыўдаў быць не павінна. Трэба працаваць на карысць сваёй радзімы».

Фотаздымак на застаўцы да відэа Tut.by