Што шукаў Лукашэнка ў Турцыі? Ці выдасць Кіеў нашых добраахвотнікаў? Ці Карабах быў азербайджанскім?


Што азначае турэцкі манеўр Лукашэнкі? Дзе сірыйская «памяркоўная апазіцыя»? Ці Ісламская дзяржава гэта галоўная праблема Іраку? Чаму беларускія добраахвотнікі ва Украіне ў падвешаным стане? Ці патрэбнае Карабаху прызнанне? Чаму ўлада Мадуры ў Венесуэле вісіць на валаску?

«Прасвет» – самае галоўнае ў свеце за апошні тыдзень. Наша хата не з краю!

Турэцкі манеўр Лукашэнкі

«У нас з мусульманскім светам цесныя кантакты і аднолькавыя падыходы да сямейных каштоўнасцяў і нават правоў чалавека». Гэтак дзяржаўныя медыі тлумачылі ўдзел Беларусі ў саміце Арганізацыі ісламскай супрацы ў Стамбуле. Ды абяцалі новыя магчымасці і рынкі збыту. Каму быў патрэбны візіт Лукашэнкі ў Стамбул перадусім – у матэрыяле Ганны Любаковай.

Навошта Эрдагану патрэбны Лукашэнка, а Лукашэнку – Эрдаган?

Вынікі візіту Лукашэнкі ў студыі каментуе Вітальд Рэпэтовіч, публіцыст парталу «Defence24.pl», эксперт у справах Блізкага усходу.

Выбары ў ценю вайны

Адна з галоўных тэмаў саміту Арганізацыі ісламскай супрацы ў Стамбуле – сітуацыя ў Сірыі. У сераду там прайшлі выбары ў парламент. А ў Жэневе распачаўся новы раўнд перамоваў па вайне ў гэтай краіне. Ці значыць гэта, што працэс палітычнага ўрэгулявання ідзе ў правільным кірунку? У тэме разбіраўся Яраслаў Сцешык.

Дзе сірыйская «памяркоўная апазіцыя»?

Чаму выбары ў Сірыі не значаць нічога? Што пагражае Іраку больш чым «Ісламская дзяржава»? Працяг размовы з Вітальдам Рэпэтовічам, які нядаўна вярнуўся з Іраку.

«Карабах ніколі не быў часткаю незалежнага Азербайджану»

Лукашэнка паказаў устрыманую пазіцыю па канфлікце ў Карабаху выклікаўшы абурэнне армянаў – саюзнікаў па АДКБ. Як нядаўнюю эскалацыю бачаць са сталіцы Карабаху – Сцепанакерту? На пытанні Сяргея Пелясы адказаў Артак Бегларян, прэс-сакратар прэмʼер-міністра непрызнанай НКР. Ён хлопчыкам, пасля вайны, страціў зрок падарваўшыся на міне.

Добраахвотнікі ў падвешаным стане

Пятро Парашэнка абяцаў спрасціць працэдуру надання ўкраінскага грамадзянства беларусам і расейцам, якія змагаюцца на баку Украіны на Данбасе. Тым не менш, справа не зрушылася з мінулага году. На радзіме беларускімі добраахвотнікамі ўсё актыўней цікавяцца спецслужбы, у іхных бацькоў праводзяць ператрусы… Але ці да беларусаў Кіеву, асабліва цяпер, калі мяняецца ўрад? Матэрыял Усевалада Шлыкава.

Спадкаемца Чавэса на валаску

Энергію сонца кіраўнік Венесуэлы заклікае выкарыстоўваць дзеля сушкі валасоў, раіць гнаць у карак усё амерыканскае і верыць у хуткае завяршэнне эканамічнага крызісу. Даследнікі кажуць, што Нікаляс Мадура страціць уладу ўжо сёлета. Апазіцыя – пачала працаваць у гэтым кірунку. Матэрыял Юліі Цяльпук.