Свет Штаб Трампа падчас выбарчай кампаніі кантактаваў з Крамлём 18 разоў


Доналд Трамп у размове з тэлеканаламі CNN і CNBC заявіў, што прызначэнне спецыяльнага пракурора Робэрта М’юлера дзеля расследавання магчымых сувязяў Белага дому з Крамлём наносіць жудасную шкоду краіне. Расследаваць новаму пракурору ёсць што: паводле Reuters, падчас выбарчай кампаніі ў Злучаных Штатах каманда Трампа як мінімум 18 разоў кантактавала з Масквою.

Падчас інтэрв’ю адзін з журналістаў запытаўся пра сакрэтную запіску да ўжо былога дырэктара ФБР Джэймза Комі: «Містэр прэзідэнт, гэта праўда, што вы прасілі дырэктара ФБР прыпыніць расследаванне ў адносінах Майкла Фліна?».

«Не, не! Наступнае пытанне», – адказаў Трамп.

Ад Робэрта М’юлера, новага пракурора ў справе сувязяў Белага дому з Масквою, ды спадчынніка Комі на пасадзе кіраўніка ФБР, сенатары чакаюць незалежнага і добрасумленнага расследавання. Бо менавіта цяпер нават сярод рэспубліканцаў усё часцей гучаць галасы аб імпічменце прэзідэнту. Тым больш што зʼяўляецца ўсё больш новых нязручных для Трампа фактаў.

Reuters падае, што цягам перадвыбарчай кампаніі, а таксама пасля выбараў прэзідэнта ЗША чальцы каманды Трампа кантактавалі з Крамлём не менш за 18 разоў, у тым ліку праз электронную пошту і тэлефон. Пры сярод мэтаў перамоваў было не толькі скасаванне санкцыяў для Расеі, але і стварэнне неафіцыйнага каналу сувязі паміж Уладзімірам Пуціным і Доналдам Трампам.

«Я думаю, што спадар М’юлер прыўнясе вялікія прававыя змены: увядзенне крымінальнага расследавання замест контрвыведчага. Пакуль няма прычынаў, каб гэта здарылася, але прызначэнне спецыяльнага пракурора – захада, да якой Кангрэс мусіць вельмі насцярожана паставіцца», – лічыць сенатар Ліндзі Грэхам з Рэспубліканскай партыі.

Напярэдадні Сяргей Лаўроў пракаментаваў чуткі адносна сакрэтнай інфармацыі аб тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава», якую Доналд Трамп нібыта паведаміў падчас сустрэчы ў Вашынгтоне з кіраўніком расейскай дыпламатыі.

«Калі мяне не падводзіць памяць, некалькі месяцаў таму адміністрацыя Трампа афіцыйна забараніла праносіць на самалёты для пасажыраў сямі дзяржаваў рознага кшталту лічбавую тэхніку. І тады казалі, што гэта антытэрарыстычныя захады. Так што, калі пра гэта ідзе гаворка, у чым тут сакрэт – я не разумею», – заявіў Сяргей Лаўроў.

Washington Post раскрывае іншы сакрэт: размову кангрэсменаў напярэдадні выбараў прэзідэнта ЗША. Паводле выдання, кіраўнік рэспубліканскай большасці ў Палаце прадстаўнікоў Кевін МакКарці заявіў сваім паплечнікам, што Пуцін плаціць грошы Трампу і Дэйну Рорабакеру, вядомаму сваім даўнім сяброўствам з прэзідэнтам Расеі. Так гэта ці не, мусіць паказаць расследаванне, якое працягваецца ўжо два месяцы.

Віталь Бабін

Каментары