Шэраг заходніх краінаў выказалі гатовасць увесці санкцыі супраць саюзнікаў Башара Аль-Асада


Сірыйскія ўрадавыя войскі пры падтрымцы Расеі і Ірану яшчэ не завяршылі аперацыі ва ўсходнім Алепа, а прэзідэнт краіны Башар Аль-Асад ужо загаварыў пра рэканструкцыю эканомікі Сірыі. Пры гэтым ён папярэдзіў, што паўдзельнічаць у інвестыцыйных праектах будзе дазволена толькі кампаніям з саюзных дзяржаваў.

Шэраг заходніх краінаў, у тым ліку ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына і Францыя выказалі гатовасць увесці санкцыі супраць саюзнікаў Башара Аль-Асада. Аб гэтым гаворыцца ў дакуменце, апублікаваным на інтэрнэт-старонцы Белага дому. Акрамя іншага, у заяве гучыць заклік неадкладна спыніць агонь і дазволіць прадстаўнікам ААН правезці гуманітарную дапамогу жыхарам усходняга Алепа.

Сірыйскія ўлады замірэння не хочуць.

«Перамогу ў Алепа будзе мець стратэгічны характар і якасна зменіць шлях палітычнага ўрэгулявання гэтага канфлікту. У гэты момант міжнародная супольнасць павінна абмеркаваць, што яна можа даць сірыйскаму народу, і дасылаць гуманітарную дапамогу праз сірыйскі ўрад», – заявіў сірыйскі міністр у справах замірэння Алі Хайдар.

У дакуменце не называюцца канкрэтныя краіны, супраць якіх могуць быць уведзеныя санкцыі. Але ў кантэксце асуджэння пяць разоў згадваецца Расея, між іншага за паветраныя і артылерыйскія бамбаванні жылых кварталаў, за перашкоды ў аказанні гуманітарнае дапамогі і за блакаванне рашэнняў у Радзе бяспекі ААН.

Тое, што Масква нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца ў Сірыі і ў прыватнасці ў Алепа, ускосна пацвердзіў і сірыйскі прэзідэнт.

«Мы праводзім кансультацыі з расейскімі калегамі кожны дзень, сувязь падтрымліваем пастаянна. Ніякія рашэнні не прымаюцца да таго часу, пакуль не адбудуцца кансультацыі паміж нашымі двума краінамі», – падкрэсліў прэзідэнт Сірыі Башар Аль-Асад.

Відавочна, такія перамовы прыносяць плён. За апошнія некалькі дзён Асад яшчэ больш наблізіўся да канчатковай перамогі ў Алепа. Учора стала вядома, што старая частка гораду знаходзіцца цяпер пад поўным кантролем урадавых войскаў.

«Баі на ўсходнім баку Алепа будуць працягвацца. Свабодная сірыйская арабская армія і саюзныя сілы будуць весці бой дзень і ноч, пакуль мы не вызвалім гэтыя раёны ад усіх тэрарыстаў. Нашае пасланне ўсім узброеным тэрарыстам гучыць так: «Альбо вы выходзіце адсюль на нашых умовах, альбо вы напэўна сустрэнеце тут сваю смерць», – заўважыў генерал-маёр, камандуючы абʼяднанай групоўкі ўрадавых войскаў Зэйд Салех.

Упэўненасць у блізкай перамозе робіць Маскву і Дамаск не схільнымі да нейкіх саступак. Сённяшняя начная сустрэча дзяржсакратара ЗША Джона Керы і кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова ў нямецкім Гамбурзе ў чарговы раз не прынесла аніякіх вынікаў. Усе спробы лідара амерыканскае дыпламатыі дамовіцца пра неадкладнае спыненне агню, успрымаюцца ягоным расейскім візаві толькі як жаданне даць паўстанцам магчымасць перагрупавацца і папоўніць свае запасы.

ЛБ, «Белсат»