Шатландыя шукае магчымасці застацца ў ЕЗ


Парламент Вялікай Брытаніі прымае законапраект аб увядзенні ў дзеянне працэдуры выхаду краіны з Еўрапейскага Звязу. Пры гэтым Шатландыя выступае супраць Брэкзіту і шукае магчымасці застацца ў ЕЗ.

Вялікая Брытанія рыхтуецца да пачатку працэдуру выхаду з Еўразвязу – палата абшчынаў разглядае законапраект аб запуску Брэкзіту. У выпадку прыняцця, закон надзяляе прэмʼер-міністра Каралеўства Тэрысу Мэй правам «паведаміць у адпаведнасці з артыкулам 50 (пункт 2) дамовы аб ЕЗ пра намер Злучанага Каралеўства выйсці з Еўразвязу». Пасля прыняцця парламентам закон пераходзіць у палату лордаў.

Тэрыса Мэй спадзяецца, што да 31 сакавіка паспее атрымаць ухваленне абедзвюх палат. Гэты дэдлайн прэмʼер вызначыла сама, як пачатак выхаду з Вялікай Брытаніі з Аб’яднанай Еўропы.

У той жа час унутры самой Брытаніі намячаецца раскол. Парламент Шатландыі большасцю галасоў выступіў супраць Брэкзіту. І хоць гэты вынік не паўплывае на рашэнне Каралеўства, Шатландыя лічыць прынцыпова важным выказаць сваё асаблівае меркаванне.

Такая прынцыповасць Шатландыі тлумачыцца пошукам магчымасці застацца ў складзе рынку Еўразвязу незалежна ад вынікаў Брэкзіту. У чэрвені 2016 года Шатландыя прагаласавала супраць выхаду з Еўразвязу.

Таксама востра зараз стаіць пытанне і аб дазволе на правядзенне Шатландыяй паўторнага рэферэндуму за аддзяленне ад Вялікай Брытаніі. На першым, што адбыўся ў 2014-м годзе, за незалежнасць выказаліся 44,7 % жыхароў. Прэм’ер-міністр Шатландыі Мікалая Старджэн не выключае паўторнага правядзення плебісцыту раней за рэгламентаваную дату – 2020 год.

«Гэта галасаванне з’яўляецца ключавым тэстам таго, ці чуюць голас Шатландыі, і ці могуць нашы жаданні гучаць у межах Вялікай Брытаніі», – кажа Старджэн.

Перад Тэрысай Мэй цяпер стаяць дзве стратэгічныя задачы – вывесці Брытанію са складу Еўразвязу і не дапусціць аддзялення Шатландыі. Бо першы шатландскі рэферэндум адбыўся яшчэ да Брыкзіту і цяпер вынікі галасавання могуць прынцыпова змяніцца.

Ігар Віняўскі