Севярынец пра Шуневіча: Заявы аб экстрэмізме абаронцаў Курапатаў? Гэта блюзнерства


Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец распавёў пра сустрэчу з чыноўнікамі Менгарвыканкаму, а таксама пракаментаваў заявы кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.

Госцем «Гарачага каментара» стаў Павал Севярынец. Падаем ніжэй самыя цікавыя цытаты з размовы.

Народны пратэст

Месца, дзе спрабуюць пабудаваць бізнес-цэнтр, – гэта свайго роду брама, гэта ўваход у Курапацкі мемарыял. Таму што людзі, якія прыязджаюць грамадскія транспартам ці аўтамі, праходзяць менавіта праз гэтае месца. І зараз яны бачаць тут пачварную будоўлю. Менавіта таму што былі парушаныя ахоўныя зоны і таму што гэтае будаўніцтва проста навісла над уваходам у Курапаты, людзі і абурыліся.

Ніхто не падбухторваў маладых людзей, тых, хто прыязджае сюды, гэта проста народны пратэст.

Як рэагуюць на сітуацыю чыноўнікі

Зараз яны ўжо не могуць рабіць па-свойму, бо будоўля цалкам стаіць. Інтэрвʼю Ігара Анішчанкі, замоўніка будоўлі, пераконвае нас, што ўжо дадзеная каманда адкручваць назад. Думаю, праз некалькі дзён, як прапагандовая машына атрымае ўказанне згортваць і інфармацыйную хвалю вакол будоўлі і ўрэшце самую будоўлю, мы ўбачым, як здымаюць плот альбо пашпарты абʼекту.

Улады больш за ўсё баяцца розгаласу. Ключавая прычына таго, што яны вымушаныя ісці на перамовы з прадстаўнікамі пратэстоўцаў, заключаюцца як раз у розгаласе, у тым, як гэта адгукаецца ў беларускім народзе.

Чаму Шуневіч загаварыў пра экстрэмізм абаронцаў Курапатаў

Чалавек, які апранае кожнае 9 траўня форму НКУС і знаходзіць у гэтым эстэтычнае і маральнае задвальненне, па-мойму, мае вельмі цьмянае ўяўленне пра экстрэмізм ці тэрарызм. Бо сапраўдныя экстрэмісты, сапраўдныя тэрарысты, сапраўдныя бандыты былі супрацоўнікі НКУС тых часоў.

У чалавека перакулена з ног на галаву ўяўленне пра дабро і зло. Размаўляць пра ягоную адэкватнасць у такіх варунках проста няможна. Думаю, тыя, хто мысліць катэгорыямі «байцоў нябачнага фронту», гераізацыі НКУС 1930-1940-х гадоў, гэтыя людзі проста павінныя сысці. Іх не павінна быць у Беларусі, іх не павінна быць вакол тэмы Курапатаў. Гэта проста блюзнерства.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu