Гарачы каментар Севярынец: Курапаты – вяршыня нацыянальнай свядомасці беларусаў


Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі выказаў прагноз, колькі асобаў могуць прыйсці на абарону Курапатаў.

Павал Севярынец: Шмат хто з мясцовых далучаўся да актывістаў, калі разбіралі плот. Вельмі шмат далучаюцца і цяпер: прыносяць гарачае пітво, падтрымліваюць. У людзей расплюшчваюцца вочы, іх гэта дакранулася.

І магу сказаць, што распачатая будоўля будзе ў пэўным сэнсе такой акцыяй абуджэння нацыянальнай памяці. Па крайняй меры ў тысячаў беларусаў, якія жывуць побач.

Я думаю, што цяпер мы значна радзей будзем бачыць навіны, што хтосьці з жыхароў бліжэйшых дамоў прыйшоў у нацыянальны некропаль з вогнішчам ці з шашлыком

«Белсат»: Калі паглядзець статыстыку, што глядзяць людзі, чым цікавяцца, то ўчора найбольш праглядаў у нас у студыі набрала размова пра Дэкрэт N 3. Найменш праглядаў мае размова пра Курапаты акурат.

Павал Севярынец: Трэба сказаць, што Курапаты і Курапацкі крыж як сістэма каардынатаў, напэўна, вяршыня нацыянальнай свядомасці, да яе трэба дайсці.

Падатак пра дармаедства – шырокая база, зразумелая кожнаму чалавеку. А дарога праз Курапаты, дарога да гістарычнай памяці, дарога да Бога можа займаць усё жыццё.

Але звяртаю ўвагу, што ўжо цяпер пра гэта пішуць вельмі шмат якія медыі. Ужо сёння, калі мы хадзілі па чынавенскіх кабінетах, кожны чыноўнік быў у курсе і казаў: «Я ўсё ведаю, я ўсё чытаю». Гэта важна. Гэта вяртаецца, павольна, паступова, але вяртаецца.

«Белсат»: У нас дзяржава пакуль не закрыла, як у Паўночнай Карэі, доступ да інтэрнэту. Беларусы могуць чытаць, цікавіцца ўласнай гісторыяй, могуць насіць кветкі ў Курапаты. Чаму гэта не дазваляе бальшыні «людзьмі звацца»?

Павал Севярынец: Тут і цяжкі час, і пэўная інертнасць. Першыя дні абароны людзей было не так шмат, зараз вечарам збіраюцца дзясяткі людзей.

Я думаю, што калі пойдзе гаворка пра рашучае супрацьстаянне пасля гэтай перадышкі, якую мы сёння бачым, там могуць сабрацца і сотні.

Для Курапатаў гэта ўжо шмат, калі гэта не Дзяды альбо нейкая памятная дата, да якой прызвычаіліся. Гэта ж ехаць на ўскраек, у лес, у такое неспрыяльнае надворʼе – сапраўды патрэбныя высілкі, ахвяраванні часу і вокліч сэрца. Але ўсё гэта пачынаецца невялічкімі крокамі. Рух да 17 лютага, калі тысячы выйшлі пратэставаць супраць закону аб дармаедстве, ішоў гады. Гадамі людзі грукаліся, і нашыя актывісты пераконвалі, што трэба выходзіць, а здавалася, што ўсё глуха. Усё прачынаецца, Беларусь падымаецца. І Курапаты – гэта адзін з такіх знакаў.

Чытайце таксама:

Каментары