Сенсацыйнае галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў


Нечаканымі аказаліся вынікі галасавання па законапраекце аб міжнародных дамовах на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 23 лістапада, распавёў у праграме «Размова дня» памочнік дэпутата Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка.

Звычайна дэпутаты ўхваляюць прапанаваныя законапраекты практычна адзінагалосна, але гэтым разам 10 з іх выказаліся «супраць», а 8 не галасавалі зусім.

Спрэчным аказаўся раздзел гэтага законапраекта, прапанаванага Саўмінам, пра тое, што міжнародныя дамовы, скіраваныя на прыцягненне ў Беларусь фінансавай дапамогі ад замежных арганізацыяў, абавязкова ўзгадняюцца толькі ўказамі прэзідэнта.

«Пытанне раздзялення ўладаў у Беларусі нечакана ўзнікла ў Палаце прадстаўнікоў», – зазначае Ціханенка. Паводле яго, сітуацыя можа выглядаць ледзьве не як «замах на з’яўленне апазіцыі сярод гэтых нават прызначаных дэпутатаў».

Пра гэта, а таксама пра тое, ці можна верыць у плён ад указа аб лібералізацыі бізнесу, недаезд Лукашэнкі ў Брусель – у поўным выданні праграмы «Размова дня» Усевалада Сцебуракі з Дзянісам Ціханенкам пра вынікі мінаючага тыдня.