Свет Сэлфі перад тэрактам: 12 асобаў арыштаваныя па падазрэнні ў нападзе на начны клуб у Стамбуле


Турэцкія праваахоўнікі мяркуюць, што ведаюць, як выглядае мужчына, што распачаў страляніну ў якой загінулі 39 чалавек і яшчэ 69 былі параненыя.

Мясцовыя сілавікі апублікавалі відэа-сэлфі невядомага мужчыны на адным са стамбульскіх пляцаў. Усяго праз некалькі гадзінаў яны дадалі відэа з камераў назірання на стамбульскім вакзале. Праваахоўнікі падазраюць, што той дзейнічаў не адзін.

«Мы валодаем адбіткамі пальцаў і ведаем, як выглядае тэрарыст. У хуткім часе ён будзе ідэнтыфікаваны. Мы спадзяемся, што знойдзем ня толькі самога злачынцу, але і ўсіх тых, хто падтрымліваў яго як у самым клубе, гэтак і пасля нападу», – заявіў віцэ-прэмʼер Турцыі Нуман Куртулмуш.

Адказнасць за напад узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская Дзяржава». Сам жа нападнік, паводле паліцыі паходзіць з Узбекістану, або Кіргізіі. Паводле крыніцаў газеты «Haberturk», ягоная жонка з дзецьмі ўжо затрыманыя. Турэцкія ж улады пагражаюць помстаю. Пасля тэракту збройныя сілы краіны нанеслі ўдары па ста абʼектам «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі. Вайскоўцы паведамляюць пра дзясяткі забітых тэрарыстаў, а Анкара звяртаецца да астатніх.

«Не важна, што вы плануеце. Турцыя ў стане пайсці на любыя захады ў сваіх межах і за імі, дзеля абароны ад тэрарыстаў. Вы больш ня зможаце пагражаць Турцыі, мы зробім усё, каб тэрарыстычныя арганізацыі перасталі пагражаць нашай краіне», – запэўніў Нуман Куртулмуш.

Так акрамя пошуку нападніка на клуб, турэцкія праваахоўнікі абвесцілі пра пачатак палявання на экстрэмістаў. Са дня нападу затрымалі амаль 150 чалавек падазраваных у сувязях з ісламістамі. Сёння ж у Стамбуле развітваюцца з ахвярамі навагодняга тэракту. У маршы за мір людзі ўзгадвалі загінулых суайчыннікаў і гасцей краіны.

«Мы пакутуем пра 27 замежных ахвяраў, якія нягледзячы на папярэджанні ўласных уладаў паверылі, што Турцыя – гэта бяспечнае месца. Яны прыехалі ў нашую краіну, у гэты клуб – гэтыя 27 дзяцей… Як казаў Мустафа Кемаль: з гэтага моманту – яны нашыя дзеці і мы павінныя паважаць іх, як уласную кроў», – кажа ўладальнік клубу «Reina club».

У нападзе загінулі грамадзяне Саудаўскай Аравіі, Іраку, Лівану, Іярданіі, Індыі, Марока, Нямеччыны, Бельгіі, Канады, Расеі ды шэрагу іншых краінаў. Летась Турцыя перажыла больш за тры дзясяткі тэрарыстычных нападаў. Пасля няўдалай спробы вайсковага перавароту ў чэрвені, міністэрства замежных справаў Беларусі рэкамендавала ўстрымацца ад паездак у Турцыю да, цытата, «поўнай стабілізацыі сітуацыі ў краіне»

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Каментары