«Сацыяльныя лозунгі былі другасныя»


Лідараў гарадзенскай апазіцыі напярэдадні марша недармаедаў арыштавалі. Старшыню партыі БНФ Аляксея Янукевіча па дарозе ў Горадню дзве гадзіны трымалі ДАІшнікі, і на акцыю ён таксама не трапіў. Грамадскі актывіст з Горадні Эдуард Дзмухоўскі сведчыць, што і без лідараў гарадзенцы самаарганізаваліся, прайшлі шэсцем, зладзілі мітынг ды размову з гарадскімі ўладамі.

На думку Эдуарда Дзмухоўскага, у акцыі ўзялі ўдзел каля 1000 чалавек.

«Людзі выказвалі палітычныя лозунгі, супраць прэзідэнта, супраць дзеючай улады. Сацыяльныя лозунгі былі другасныя».

Удзельнікі акцыі прайшлі шэсцем ад парка Жылібера да плошчы Леніна, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі гарадской улады. Яны нават запрашалі пратэстоўцаў у актавую залю гарвыканкама, але тыя адмовіліся, абураныя дзеяннямі чыноўнікаў.

«Вызваліце палітвязняў, запрасіце іх у гарвыканкам, тады мы туды пойдзем», распавядае  Дзмухоўскі.

На акцыі людзі неслі партрэты зняволеных Губарэвіча, Рымашэўскага, Лябедзькі, а таксама плакаты «Свабоду берасцейскім анархістам». Напярэдадні пратэстаў у Горадні былі затрыманы лідар гарадзенскай партыі левых «Справядлівы свет» Станеўскі, актывістка партыі АГП Ірына Далідовіч.

Пасля акцыі ў Гародні таксама адбыліся затрыманні. Невядомыя схапілі трох хлопцаў у масках, удзельнікаў акцыі.

«Затрымалі таксама актывіста АГП, які папросту ўзначаліў шэсце і мітынг на плошчы Леніна. Яго затрымалі на падставе таго, што ён нібыта скраў сумку».